Працэс праходзіў праз скайп і атрымаў вельмі дзіўную развязку.

9 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Днём 9 жніўня праваабаронцы «Магілёўскай вясны» даведаліся, што а 16 гадзіне павінны судзіць актывіста Валадара Цурпанава, які зараз адбывае адміністрацыйны арышт у 20 сутак за перфоманс на школьнай лінейцы побач СШ№43.

Нагадаем, 1 верасня актывіст зьявіўся на ўрачыстае мерапрыемства, дзе побач са сцэнай гучна запатрабаваў ад педагогаў школы, якія ўваходзілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, пакаяцца ў фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах.

Актывіста сілай адвялі двое супрацоўнікаў міліцыі, пасля чаго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Там на яго склалі два пратаколы – за дробнае хуліганства (17.1 КаАП РБ) і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (23.4 КаАП РБ).

2 верасня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў Цурпанаву шляхам «частковага складання» 20 сутак арышт. Актывіст адправіўся ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.

ЗА ШТО СУДЗІЛІ ЦУРПАНАВА 9 ВЕРАСНЯ

9 верасня суддзя суда Ленінскага раёна Вікторыя Палякова павінна была вынесці яшчэ адно рашэнне па Цурпанаву па больш ранняй адміністрацыйнай справе.

У канцы жніўня на актывіста склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (ч.1 арт.23.34 КаАП). У аснову матэрыялаў справы лёг відэа-стрым з акцыі 23 жніўня, падчас якога Валадар выказаўся аб мірных акцыях пратэсту. Рапарт на актывіста склаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Уладзімір Паўлаў.

Праваабаронцы і журналісты даведаліся пра працэс выпадкова – ён з’явіўся ў раскладзе спраў суда Ленінскага раёна. Гэта дзіўна яшчэ і таму, што 8 верасня адвакат, які абараняе інтарэсы Цурпанава, паведаміў, што ў бліжэйшы час суда па адміністрацыйнай справе за масавыя мерапрыемствы не плануецца.

Самога Цурпанава ў з ІЧУ ў будынак суда не прывозілі – працэс планаваўся праз скайп.

ПАНЧ З ІЧУ

Зрэшты, паўнавартаснага паседжання не атрымалася. Калі Цурпанава прывялі да кампутара, ён некалькі разоў спытаў «што гэта», на што атрымаў адказ ад аднаго з ахоўнікаў, што яго будуць судзіць. Верагодна, актывіста нават не папярэдзілі пра працэс у дачыненні да яго.

Цурпанаў адразу запатрабаваў перакладчыка з рускай на беларускую, паколькі прынцыпова карыстаецца толькі нацыянальнай мовай.

Суддзя Палякова нічога не адказала на хадайніцтва актывіста, пасля чаго той, мабыць, раззлаваўся. Гледачы, якія трапілі ў кабінет суддзі, пачулі, як Цурпанаў гучна сказаў суддзе «Валі адсюль, [неразборліва] падсцілка хунтаўская». Гэты момант трапіў на аўдыёзапіс MSPRING.ONLINE.

Адразу пасля гэтага суддзя Вікторыя Палякова перапыніла працэс па прычыне «хуліганскіх дзеянняў» Цурпанава. Пасля перапынку яна абвясціла, што Валадар аштрафаваны на 10 базавых велічынь за непавагу да суду (ст.24.1 КаАП РБ).

Яна таксама заявіла, што Цурпанаў больш у працэсе не ўдзельнічае. Далейшы працэс ператварыўся ў фармальнасць. Прабегшыся па матэрыялах справы і паглядзеўшы некалькі відэазапісаў, Палякова пастанавіла прысудзіць актывісту яшчэ 8 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Такім чынам, агульны тэрмін арышту актывіста вырас да 28 сутак.