Маналог магіляўчанкі Вольгі Тышкевіч пра пошук працы, заробкі ў Расіі, ліпавыя вакансіі і фэйковы клопат дзяржавы.

15 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Вольга Тышкевіч

 Я некаторы час працавала прадпрымальнікам. У мяне быў невялікі бізнэс па продажу парфумерыі і касметыкі праз Інтэрнэт. Праблемы паўсталі ў 2016 годзе, калі ўсе Інтэрнэт-крамы абавязалі абзавесціся аплатнымі тэрміналамі. Яны каштавалі шмат.На старыя грошы, то бок да дэнамінацыі, сума была каля 10 мільёнаў рублёў. Аб’ём продажаў у мяне быў невялікі, таму прыйшлося прыпыніць працу Інтэрнэт-крамы.

Калі я хадзіла на прыём да абласнога інспектару вобласці Панкова, ён патлумачыў, што я ўсё роўна павінна буду выплачваць ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – ФСАН, пакуль не закрыю ІП. А як яго плаціць з нулявым заробкам? Ад Інтэрнэт-крамы прыйшлося адмовіцца – шмат грошай ішло на хостынг, прыкладна 200 тысяч старых рублёў у месяц, плюс рэкламныя выдаткі.

РАСІЯ

Мне прыйшлося ездзіць на заробкі ў Расію. Афіцыйна з беларусаў там амаль ніхто не ўладкоўваецца. Афіцыйнае працаўладкаванне існуе больш для расейцаў, хоць і сярод іх шмат хто не уладкаваны па дакументах.

У Маскве я працавала на рэкламе, потым кур’ерам. Там добрыя заробкі, але вельмі дарагое жыллё. Добра можна ўладкавацца, калі ёсць з кім здымаць пакой або кватэру, прычым прыдатны варыянт яшчэ трэба знайсці.

У нейкі момант я вырашыла знайсці ўсё ж працу ў Магілёве. Прыйшла ў службу занятасці. Там мяне адправілі да спісаў з вольнымівакансіямі. Сказалі, што калі я стану на біржу працы, то павінна буду прыносіць інфармацыю аб новых вакансіях, плюс яшчэ ездзіць на працы ў агракомплексы.

За два тыдні я абтэлефанавала каля 170 вакансій. Прыходзіць на працу сказалі толькі па трох. Але зарплата – мізэрная. Адна з іх – сартаванне ПЭТ-бутэлек. Там у дзень мне ўдалося б зарабляць па тры рублі. З іх два я б выдаткоўвала на паездку да працы.

Другая – на сартаванні паперы, ужо 120 рублёў у месяц. Трэцяя вакансія – паштальёнкі. Але там сказалі, што магчыма будуць праблемы з выплатамі. Усе астатнія вакансіі – гэта ліпа і я кажу гэта адкрыта. Калі тэлефануеш, табе проста кажуць, каб ты прыходзіў і запоўніўанкету. А калі з’явіцца вакансія на самой справе – ніхто не ведае.

У цэнтры занятасці ёсць яшчэ магчымасць прайсці перанавучанне на спецыяльнасці, якія, нібыта, запатрабаваныя. Я калісьці прайшла такі курс, аднак пасля гэтага мне проста прапанавалі пайсці гандляваць на рынак.

Яшчэ могуць паслаць на вучобу, каб скласці бізнес-план. Калі ты яго абараняеш, улады могуць вылучыць табе фінансавую дапамогу на рэалізацыю, аднак у мяне адчуванне, што атрымліваюць яе толькі набліжаныя. У адной групе з сямідзесяці чалавек, якая праходзіла навучанне, наколькі я ведаю, ніхто так фінансавання і не атрымаў.

 70 ТЫСЯЧ

Каб неяк вырашыць пытанне, я вырашыла звярнуцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка.У сакавіку 2017 года падчас акцыі пратэсту ў Магілёве ён паабяцаў дапамагчы ў працаўладкаванні ўсім, хто да яго звернецца. Прыйшла ў аблвыканкам, сказала, што хачу патрапіць да яго. Мне далі тэлефон яго памочніка.Ён паведаміў, што калі будзе прыём, тады мяне паведамяць.

На днях з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі ёсць 70 тысяч свабодных вакансій. Гэта – карцінка. Калі разбірацца, то фактычна гэтых вакансій не існуе. Яны створаны штучна. Ты прыходзіш ўладкоўвацца і табе альбо кажуць, што пасада занятая, альбо просяць запоўніць рэзюмэ і кажуць, што звяжуцца.

Хаця ладна, на 200-250 рублёў вакансіі сапраўды можна знайсці, калі пастарацца.

Але ці ёсць сэнс у такіх грошах? Напрыклад, ёсць жанчына, яна разведзеная, у яе двое дзяцей. Усе жывуць у прыватным доме. Каб яго аплаціць, трэба каля 120 рублёў у месяц. Атрымліваецца, жыць прыйдзецца на 80-100 рублёў у месяц ўтрох. У нас на сям’ю на траіх сыходзіць каля 600 рублёў у месяц – дзякуй заробкам у Расіі. Яшчэ як варыянт, якім многія карыстаюцца – праца ў Польшчы. Я лічу, што нармальна жыць сям’і можна на 1500 рублёў у месяц.

ЛІПА

Зараз чыноўнікі спрабуюць схаваць праблему. Гэта ж зручна – паказаць, што працоўных месцаў шмат, а людзі-дармаеды проста не хочуць ісці працаваць. Праблему ніхто не вырашае і яна гнаіцца.Калі-небудзь будзе выбух, як у мінулым годзе з акцыямі пратэсту.

Я думаю, што ліпавыя вакансіі вешаюць па ўказцы зверху, каб зрабіць прыгожую карцінку на рынку працы.Самі па сабе ў цэнтры занятасці бы гэтым не займаліся, мне здаецца.

Зараз ствараюцца «камісіі па дармаедству». Яны будуць распавядаць, як добра жыць і як шмат насамрэч вакансій.

Да чаго гэта прывядзе? Ды да таго, што людзі па-ранейшаму будуць сядзець без працы ці на маленькіх заробках, будуць расці даўгі па той жа камуналцы і павялічыцца колькасць сем’яў у сацыяльна-небяспечным становішчы. Гэтыя камісіі будуць хаваць недахопы працы чыноўнікаў.

Хоць я не супраць саміх камісій, калі б яны працавалі нармальна – гэта значыць сапраўды дапамагалі б шукаць працу.Каб у іх уваходзілі не чыноўнікі, а прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, праваабаронцы.

Трэба прыбраць лішнія вакансіі. Прызнаць праблему. Давайце разам будзем вырашаць. Трэба мадэрнізаваць прадпрыемствы, трэба, каб прыходзілі буйныя экалагічна бяспечныя прадпрыемствы. Зарабіла б уся інфраструктура, развіваўся б малы бізнес.

Магчыма, варта было б мець у спісах сапраўдныя вакансіі, якія пастаянна абнаўляюцца, не толькі з Беларусі, але і з правераных прадпрыемстваў той жа Польшчы і Расіі.

Але пакуль замест таго, каб пацыента лячыць, улады робяць выгляд, што ён  здаровы.