Абласны суд патлумачыў актывісту Аляксандру Хамратаву, чаму дэпутат Палаты прадстаўнікоў не быў пакараны гэтак жа, як астатнія ўдзельнікі акцыі пратэсту.
26 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Старшыня суда Магілёўскай вобласці Ігар Прошка у сваім адказе паведаміў Хамратаву, што ён не можа адмяніць пастанову аб спыненні адмінпрацэса ў дачыненні да Марзалюка.
Нагадаем, Аляксандр Хамратаў прасіў прыцягнуць дэпутата Палаты прадстаўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць падатку на дармаедства. Больш за дзесяць чалавек тады атрымалі арышты ад 12 да 15 сутак, а таксама штрафы ад 10 да 25 базавах велічыняў.
Міліцыя правяла сваю праверку, аднак не ўбачыла складу правапарушэння, паколькі Марзалюк, з ягоных паказанняў, «паспрабаваў выступіць з мегафонам, але адразу ж пачаліся крыкі і ён аддаў у мегафон».
10 траўня суддзя Ірына Ланчава разгледзела скаргу Хамратава на спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і пакінула пастанову Ленінскага РАУС у сіле.
Затым сваё слова сказаў старшыня абласнога суда Ігар Прошка. У адказе, які атрымаў Хамратаў, сказана што Марзалюк ня з’яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, што адбылася месца ў Магілёве 15 сакавіка.
«Марзалюк, выступаючы ў якасці прадстаўніка ўлады, даводзіў да ведама ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства пра яго незаконны характар і адсутнасц падстаў для яго правядзення», – заявіў Прошка.
Аляксандр Хамратаў здзіўлены адказам старшыні аблсуда:
– Судовая ўлада выдатна разумее, што апошняе слова за імі і ніхто не мае права вырашаць за іх што правільна, а што не. Я, калі прачытаў адказ старшыні Магілёўскага абласнога суда, падумаў, што недзе памыліўся і вырашыў зноўку перагледзець відэаролік, дзе Марзалюк выступае перад народам праз гучнагаварыцель. Аказалася, што ніякай памылкі няма – Марзалюк сапраўды выступаў і прымаў удзел у мітынгу са сваім пунктам гледжання, больш за тое, ён сам казаў прысутным, што раз яны сабраліся і рэалізуюць сваё права на сходы, то і ён хоча яго рэалізаваць, – пракаментаваў словы Прошкі актывіст.
На яго думку, праблема крыецца ў добра адладжаным механізме ўлады:
– Згуртаванасць ўлады ярка дэманструе справа па Марзалюку. На самай справе няма ніякага падзелу ўладаў па Канстытуцыі. Ёсць толькі сістэма, якая сама сябе беражэ ад верагодных небяспекаў. Яна ніколі не дасць у крыўду саму сябе, якія б довады мы ні прымалі, мы – беларускі народ. З гэтай сітуацыі я бачу толькі адзінае выйсце – накладанне мараторыя на смяротнае пакаранне і наступнае ўступленне ў Савет Еўропы. Вось тады ў нас з’явіцца магчымасць звяртацца ў Еўрапейскі суд. А беларускі суд – гэта проста шырма дэмакратыі, – лічыць актывіст.
Ён мае намер і далей дамагацца справядлівага рашэння ў дачыненні да Ігара Марзалюка.