Запісалі для вас самыя цікавыя думкі з магілёўскага выступу праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

9 чэрвеня. Магілёў. Грамадскі цэнтр “Кола”. Ігар Лазоўскі


Вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка 9 чэрвеня прыехаў у Магілёў, каб распавесці, як можна абараніць свае правы на міжнародным узроўні. Кампанію яму склаў вядомы блогер Максім Філіповіч.Паслухаць пра тое, як звяртаюцца беларусы ў Камітэт ААН па правах чалавека, прыйшло амаль два дзесяткі чалавек. Прадстаўляем вам найбольш цікавыя тэзісы, якія гучалі на мерапрыемстве.

***

Зараз у КПЧ ААН 244 зарэгістраваных скаргі. Каб змяніць сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне да лепшага, патрэбна крытычная маса, хай тысяча скаргаў. На дадзены момант у Жэневе рэгіструюцца ў сярэднім 7-10 скаргаў у год. Гэта значыць да 2027 усяго іх будзе толькі дзесьці на сто штук больш, чым цяпер.

***

На сёння Беларусь займае трэцяе месца па колькасці скаргаў у КПЧ ААН. Шмат у Ямайкі, таму што там да гэтага часу ёсць пакаранне ў выглядзе бізуноў. Таксама масава звяртаюцца іспанцы, дакладней, прадстаўнікі Каталоніі, якія змагаюцца за незалежнасць свайго рэгіёну.

***

Беларусь пазбягае адказнасці. Аднойчы нашы ўлады абвясцілі, што рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН носяць рэкамендацыйны характар і яны не абавязаныя іх выконваць. Усё гэта, вядома, лухта – у рашэннях пазначана, што дзяржава абавязана вярнуць грамадзяніну ўсе судовыя выдаткі і заплаціць яшчэ маральную шкоду.

***

Рашэнні Камітэта не маюць тэрміну даўнасці. Калі ў нашай краіне да ўлады прыйдзе дэмакратычны ўрад – іх пачнуць выконваць. Таму пісаць скаргі ў КПЧ цяпер мае сэнс, нават калі матэрыяльна ніякага эфекту зараз не будзе.

***

Рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека больш падрабязныя – там прама пазначаюць, якую суму павінна выплаціць дзяржава чалавеку, які паскардзіўся ў ЕСПЧ. І яшчэ яны абавязковыя – не заплаціць ўлады не могуць, а сумы там ідуць на тысячы еўра. Беларусы змогуць звяртацца ў ЕСПЧ толькі калі трапяць у Савет Еўропы. А першы крок да гэтага – адмена смяротнага пакарання.

***

Сакавіцкія акцыі пратэсту прывялі да вялікай колькасці скаргаў з боку людзей. Толькі ў Гомелі – 27 кейсаў. Дзяржава прама парушыла грамадзянскае права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання. Я не сумняваюся, што мы выйграем ўсе гэтыя справы.

***

Як правіла, у КПЧ ААН можна звяртацца, калі вычарпаныя ўсе механізмы абароны ўнутры дзяржавы. Гэта значыць, што па правілах звяртацца ў Камітэт трэба пасля Вярхоўнага суда, а то і пасля Генеральнай пракуратуры. Аднак за кожны зварот у новую інстанцыю трэба плаціць дзяржпошліну, па адной-дзве базавыя. Калі чалавек будзе праходзіць ўвесь шлях, ён патраціць некалькі сотняў рублёў. Таму па штрафах і арыштах за лютаўскія і сакавіцкія акцыі мы вырашылі звярнуцца ў КПЧ адразу пасля абласнога суда, калі рашэнні раённых ўступілі ў сілу. І я не сумняюся, што скаргі прымуць.

***

Перамога ў спрэчцы з дзяржавай у Камітэце ААН па правах чалавека зараз прыносіць у асноўным маральнае задавальненне. Аднак гэта маральнае задавальненне шмат чаго варта. Разумець, што ты меў рацыю тады, калі суды, пракуратура, міліцыя лічылі цябе парушальнікам, гэта выдатна. З разумення сваёй правасці і пачынаюцца дэмакратычныя змены.

Сустрэча была арганізавана праваабарончым цэнтрам “Вясна” і сайтам аб правах чалавека mspring.online.