Праваабарончы цэнтр “Вясна” падвёў вынікі конкурсу мастацкіх работ сярод вязняў папраўчых устаноў “Мары з-за кратаў“.

24 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько/ photo – spring96.org


Адразу два прызавыя месцы конкурсу засталіся за магілёўскімі сядзельцамі.

Першае месца і грашовы прыз у 200 рублёў атрымаў зняволены трынаццатага атрада магілёўскай папраўчай калоніі №15 Валерый Сівакоў. Яго працу “Парад планет” асабліва адзначылі як члены журы, так і гледачы.

Мастакі ў турмах і калоніях не маюць вялікага выбару інструментаў для малявання. Часцяком гэта толькі шарыкавая ручка ды аловак. Тым не менш, прафесійныя мастакі адзначылі яго манеру малявання ў стылі Ван Гога. На вялікім фота падаецца, што мастак мог доўга сузіраць прыроду і пераносіць ўбачанае на палатно. Але не. Вось як выглядаюць карціны з зоны:

Пра ПК №15, размешчаную на ўскрайку горада па Слаўгарадскай шашы, праваабаронцам вядома няшмат. Яна была пабудавана ў 1965 годзе (адкрыта ў лістападзе), і ў тыя часы была разлічана ўсяго на 500 чалавек. Сёння там на агульным і ўзмоцненым рэжымах змяшчаецца каля 2000 чалавек самых розных узростаў – ад 18 да 75 гадоў. Тэрміны ў асуджаных таксама розныя, тут сядзяць і за эканамічныя злачынствы, і за забойства.

Аднак нам цікава іншае. У суправаджальным лісце-апісанні Валерый Сівакоў досыць паэтычна здолеў яшчэ і перадаць атмасферу ВК-15. На яго карціне намалявана ранняя раніца напачатку лютага ў Магілёве. Вось так зняволеныя бачаць яго з-за калючага дроту (цытата з ліста):

«Ранняя раніца – гэта каля 8-мі на самай справе. Але паколькі люты, то ў гэты час яшчэ толькі плануецца світанак і ад таго здаецца, што рана.

 Прайшла ранішняя праверка і атрад будуецца на прамку. Руціна.

 Строімся перад варотамі – іх малюнак у ніжняй частцы сам па сабе ёсць прыклад тыповага “хай-так” дызайну – па месцы звараны каркас з круглай трубы пафарбаваны традыцыйнай зялёнай фарбай; напаўненне са сталёвых паліраваных лістоў. Выглядае пасрэдна, але

 Але нябёсы ніколі не выглядаюць пасрэдна, там і адбываецца драма. Нябёсы бэзава-фіялетавыя, мігочуць зоркі, запалала каёмка світанка вогненнага, свой парад у Венеры і Марса. Венера – блакітным, Марс – чырвоным колерам вібруюць адзін з аднаго. Яны так блізка, яны вось-вось зліюцца ў адно.

Неба, зоркі, планеты, вароты з калючкай па версе – разам складаюць цудоўную гармонію колеру.

 Прыгажосць у месцы, дзе яе не шукаюць.

Прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць».

Усяго было тры прызавыя месцы і прыз глядацкіх сімпатый. Адбор работ здзяйсняла прафесійнае журы, якое складаецца са знакавых для Беларусі мастакоў – Алесь Пушкін, Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў. Цікава, што і трэцяе месца (а таксама прыз у 100 рублёў) атрымаў сядзелец Магілёўшчыны. Арцём Токар адбывае тэрмін у бабруйскай папраўчай калоніі №2. Ён даслаў адразу некалькі прац, сярод якіх журы адзначыла прызам малюнак у колеры “Сланечнік”.

З пачатку года на працягу пяці месяцаў перад праваабаронцамі стаяла нялёгкая задача апавясціць вязняў закрытых устаноў аб тым, што яны могуць дасылаць свае творчыя працы, створаныя за кратамі, на конкурс. У выніку набраўся 51 твор, створаны сямнаццаццю аўтарамі ў самых нечаканых тэхніках. Сярод вязняў калоній сустракаюцца надзвычай таленавітыя людзі.