Новы неверагодны трэш ад магілёўскай міліцыі: чалавека трымалі 5 сутак на ІЧУ без суда

Вар’яцкая гісторыя.

6 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Віталь Кавалеўскі прабыў апошнія пяць сутак у ізалятары ўнутраных спраў УУС Магілёўскага аблвыканкама. Нічога дзіўнага, на першы погляд, але праблема ў тым, што мужчына быў фактычна пазбаўлены волі без рашэння суда.

Паводле яго слоў, 29 верасня да яго на працу прыехалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС і ўручылі позву на яўку ў райаддзел міліцыі 30 верасня. Нагодай стала падазрэнне, што Кавалеўскі удзельнічаў у мірных акцыях ў жніўні-верасні 2020 года.

На наступны дзень Віталь прыбыў у РАУС. Яго адразу ж павезлі ў апорны пункт на праспекце Шміта, дзе на яго склалі адразу тры пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП. У яго ўзялі адбіткі пальцаў, пасля чаго вярнулі ў Кастрычніцкі РАУС і заявілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны да суда.

Каля 9-й вечара яго адправілі ў ІЧУ.

– На працягу трох сутак павінен быў адбыцца суд па маёй справе. Я думаў, што ён будзе ў чацвер ці ў пятніцу, паколькі ў суботу суды не працуюць. Аднак працэсу не было. У суботу мяне ўжо пачалі выпускаць з ІЧУ, адвялі да выхаду, аднак там ужо мяне чакалі двое супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС, якія раней складалі на мяне пратаколы. Прозвішча аднаго з іх – Іваноў, другога не памятаю. Яны спыталі, разумею я, навошта яны тут. Я сказаў, што так, – распавёў Віталь Кавалеўскі.

Прама ў ІЧУ на яго склалі яшчэ адзін пратакол. Па ім яго затрымалі яшчэ на трое сутак. У панядзелак у яго ўсё ж адбыўся суд праз відэаканферэнцсувязь прама з ІЧУ. Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Краўчанка вынесла пастанову аштрафаваць Кавалеўскага на 8 базавых велічынь штрафу.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель, каментуючы сітуацыю, заявіў, што міліцыя злоўжыла правам:

Мы будзем асобна разбірацца па справе Кавалеўскага. На дадзены момант выглядае так, што чалавека адвольна пазбавілі волі на некалькі сутак. Гэта, у любым выпадку, неабходна абскарджваць.