Маці абвінавачанага ў забойстве 38-гадовай магіляўчанкі Юрыя Іванова ўпэўненая, што яе сын ні ў чым не вінаваты.
7 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Здымак – Дар’я Буракіна, tut.by
У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь разбіраюць справу дзевяцігадовай даўніны, якую аднавілі па загадзе прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. 34-гадовага Юрыя Іванова абвінавачваюць у забойстве яго знаёмай Святланы Паддубскай.
Тады, у 2009 годзе, следства не змагло даказаць віну хлопца – Іванова адпусцілі. Тады бацька забітай дзяўчыны Леанід Сляпнёў, паводле яго слоў, спрабаваў абскардзіць рашэнне ўсюды, дзе мог – «але пачуў толькі прэзідэнт».
У лютым 2018 года Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што «сеў і сам за суткі вывучыў справу», пасля чаго загадаў зноўку расследаваць яе:
– Мярзотніка знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, распачалі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён – забойца, – заявіў прэзідэнт.
Праваабаронца Барыс Бухель:
“Лукашэнке варта ісці ў следчыя”.
Зараз Іванова судзяць у Мінску. Яго маці, Святлана Іванова, упэўненая, што яе сын ні ў чым не вінаваты, і калі б не загад прэзідэнта, то ён ужо быў бы на волі:
– Якія ёсць канкрэтныя доказы яго невінаватасці? Ягоных адбіткаў няма нідзе, ні на нажы, ні на вопратцы, на ёй няма слядоў крыві. У 2009 годзе ў яго была куртка вельветавая, колеру кавы з малаком. Сляды крыві былі б бачныя. Каб адмыць іх, нам бы спатрэбілася добрая пральная машына, а ў нас не было яе наогул тады.
Па словах жанчыны, Юрый доўгі час ужо працаваў у Санкт-Пецярбургу, перш чым яго затрымалі і павезлі ў Беларусь. Здарылася гэта 7-8 жніўня 2017 года.
– Да лістапада месяца адвакат мяне запэўніваў, што ў следства на майго сына нічога няма. У студзені высветлілася, што справай заняўся прэзідэнт, і справа прыняла іншы абарот.
Святлана лічыць, што бацька забітай Сляпнёў паднёс інфармацыю прэзідэнту толькі з аднаго боку:
– Сляпнёў ня жыў у сям’і. Ён жыў з іншай жанчынай у іншы сям’і. Калі памерла тая жанчына, ён з’явіўся ў сям’ю назад. Адкуль яму было ведаць, што было ў доме ў дачкі. Адкуль яму ведаць, чым займалася яго сям’я. Таксама мне вядома, што Святлане пагражалі яшчэ да знаёмства з маім сынам.
Яна просіць звярнуць увагу, што яе сына ўжо некалькі разоў садзілі ў ШІЗА. Такім чынам, лічыць маці, яго схіляюць да дачы прызнальных паказанняў.
– Калі майго сына ўсё ж такі пасадзяць, то я буду звяртацца ў міжнародныя органы – у ААН, – заявіла Іванова.