Памежнікі РФ зладзілі засаду ў вёсцы Любавічы Манастыршчынскага раёна Расіі, што за 8 км ад манастыра Пустынкі Мсціслаўскага раёна, і затрымалі дзевяць мігрантаў.

Два мікрааўтобусы, за рулём якіх былі беларусы, па афіцыйна некантралюемай грунтавай дарозе везлі праз Мсціслаў у Мінск грамадзян адной з краін Паўднёвай Азіі. Мужчыны пры ўездзе ў Расію ўказалі, што прыбылі туды з турыстычнымі мэтамі, але практычна адразу ж знайшлі шлях перакідкі ў Беларусь, каб адтуль, паводле іх прызнання, нелегальна перайсці мяжу з адной з краін Еўрасаюза.

Цікава, што людзей перамяшчалі з завязанымі вачыма (на фота). Яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за спробу нелегальнага пераходу мяжы, нягледзячы на тое, што афіцыйна яе паміж Беларуссю і РФ няма.