Двух з чатырох магілёўскіх «чорных рыэлтараў» чакае смерць. Выратаваць іх цяпер можа толькі прэзідэнт. Або выпадак.

20 снежня. Менск. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Алесь Светлицкий. Фота – Алесь Бяляцкі


20 снежня калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пастанавіла адмовіць фігурантам справы ў апеляцыйных скаргах на рашэнне суда Магілёўскай вобласці.

Нагадаем, што 21 ліпеня суддзя Рыгор Качалаў прысудзіў Таццяну Гершанкову да 24 гадоў турмы, а Барыса Калеснікава – да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Яшчэ дваіх чалавек – Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога – суддзя пастанавіў адправіць на смяротнае пакаранне.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.

Калегія Вярхоўнага суда прыйшла да высновы, што расследаванне праведзена поўна і справядліва, а рашэнне Магілёўскага аблсуда не выклікае пытанняў.

Па словах каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды, такое рашэнне было чаканым. Аднак засталіся пытанні па аб’ектыўнасці працэсу:

– Падчас пасяджэнняў ўдзельнікі групоўкі некалькі разоў заяўлялі пра тое, што падвяргаліся катаванням падчас следства. У прыватнасці, Сямён Беражной распавёў, што ў яго сілай выбілі паказанні на Таццяну Гершанкову. Былі заяўленыя хадайніцтвы аб правядзенні дадатковай праверкі. Аднак іх усё адхілілі. Было адчуванне, што працэс не карэляваў з паняццем «справядлівы суд», – пракаментаваў вынікі разгляду Палуда.

Праваабаронца паведаміў, што блізкія цяжка ўспрынялі рашэнне суда і гатовыя аспрэчваць яго ў розных ворганах, у тым ліку праз Камітэт па правах чалавека ААН. Палуда асцерагаецца рабіць прагнозы, расстраляюць Беражнога і Гершанкова ці не.

Магчыма, калі рашэнне КПЧ ААН будзе на карысць асуджаных на смерць, ўлады прыслухаюцца да яго. Да таго ж у апошні час сталі частымі сустрэчы беларускіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, якія часта ўздымаюць тэму адмены смяротнага пакарання. Паглядзім.

Таксама памілаваць асуджаных да расстрэлу можа прэзідэнт. Аднак за ўсю гісторыю Беларусі, як мяркуюць праваабаронцы, быў толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў смяротніка.

Пачуць на ўласныя вушы, як “чорных рыэлтараў” ўлетку 2017-га прысудзілі да смерці можна на нашым SoundCloud.