І вырашыла пагуляць у гэтую гульню.
30 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Дзесяць дзён таму праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў накіравалі ў пракуратуру Магілёўскай вобласці скаргу на дзеянні начальства УУС Магілёўскага аблвыканкама і супрацоўнікаў міліцыі.
На іх думку, масавая аблава сілавікоў на рома пасля забойства (або суіцыду) лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча – гэта дыскрымінацыя па этнічнай прыкмеце і парушэнне правоў цыган.
Праваабаронцы папрасілі разабрацца ў дзеяннях міліцыі і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Акрамя таго, яны папрасілі прыняць меры для наступнай адстаўкі начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама, які дапусціў такі сякерны падыход падначаленых да сваіх абавязкаў.
Аднак за дзесяць дзён пракуратура не змагла разабрацца, хто павінен разглядаць скаргу. 23 траўня абласное ведамства перанакіравала скаргу Колчына, Бухеля і Буракова ў гарадскую пракуратуру.
Ужо на наступны дзень пракурор горада Мікалай Вульвач вярнуў скаргу ў абласную інстанцыю.
– Пакуль гэта ўсё, што ёсць па нашай скарзе, якую, мабыць, лічаць «гарачай бульбай» і перакідваюць адзін аднаму. Пры гэтым мы лічым, што пытанне аб дзеяннях начальніцкага складу УУС Магілёўскага аблвыканкама можа разглядаць толькі абласная пракуратура – хаця б таму, што гэта абласны ўзровень, – лічыць праваабаронца Аляксандр Буракоў.
Паводле яго слоў, «Магілёўская вясна» чакае, што «наступным этапам гульні ў гарачую бульбу» стане перасылка скаргі ў само Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама:
– Нажаль, практыка паказвае, што скаргі ў пракуратуру любога ўзроўню ў выніку разглядаюць тыя, на каго яны былі напісаныя. Мы гатовыя да любога выніка разгляду і будзем прымаць меры ў залежнасці ад таго, што будзе сказана ў адказе на нашу скаргу.