Усё лагічна і дзіўна адначасова.

23 траўня. Магілёў. Саша Райкан

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


У сераду, 22 траўня, міліцыя ў магілёўскім мікрараёне Чапаеўка затрымала 48-гадовага цыгана з імём Раман. Супрацоўнікі МУС падазраюць яго ў распаўсюдзе наркотыкаў, а таксама кіраваннем транспартным сродкам без права на гэта.

Само затрыманне было заснята аператыўнікамі і выкладзена на афіцыйны Youtube-канал Міністэрства ўнутраных спраў. У сваім прэс-рэлізе ведамства не саромеецца сцвярджаць, што Раман – скончаны наркадзялок.

У прыватнасці, гаворыцца, што сам ён нідзе афіцыйна не працуе, пры гэтым у яго дарагі дом, а крыніцай даходу з’яўляецца збыт наркотыкаў, вымагальніцтва і махлярства ў Расіі, а таксама легалізацыя «крымінальных аўтамабіляў».

МУС сцвярджае, што напрацягу дня Раман збыў некалькі доз наркотыкаў, а падчас затрымання паспеў праглынуць пакецік з неўсталяваным рэчывам. Як мяркуе міліцыя, там таксама былі наркотыкі.

Важны факт, на які трэба звярнуць увагу – прэс-служба МУС назвала Рамана «цыганскім баронам».

ЧАМУ МІЛІЦЫЯ СХАПІЛА РАМАНА?

Затрыманне Рамана – гэта відавочны і нудны крок. Больш за тое, вельмі верагодна, што ён будзе не адзіным, каго міліцыя затрымае па падазрэнні ў крымінальных злачынствах. Масавыя затрыманні цыган трэба неяк апраўдаць – альбо прызнаць сваю няправасць і папрасіць прабачэння.

Выбачэнняў ад міліцыі не будзе. 23 траўня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ніхто перад рома прабачэння прасіць не збіраецца – таму што няма за што. Ён назваў затрыманні «следчай неабходнасцю».

Значыць, магчымая міліцэйская далонька неадкладна ператвараецца ў кулак.

Ці вераць народныя масы ў тое, што цыганы пагалоўна прадаюць наркотыкі?

Відаць, так.

Ці павераць народныя масы ў тое, што на наркатычны след міліцыя магла напасці як раз падчас немудрагелістай зачысткі?

Відаць, так.

Гэта значыцца, што трэба зрабіць? Правільна, даказаць, што масавыя затрыманні – гэта не толькі не жудасна, але яшчэ і карысна! Ведамства выкарыстоўвае стабільны стэрэатып на сваю карысць і дэманструе: вось, глядзіце, нездарма мы іх тады, свалачоў, бралі.

І, што важна, многія гэта сапраўды з’ядуць.

ТАК ШТО, РОМАН НЕ ВІНАВАТЫ?

Без паняцця. Мы не збіраемся сцвярджаць, што хтосьці белы і пухнаты. Цалкам верагодна, што супрацоўнікі міліцыі сапраўды добра выканалі сваю працу. І, больш за тое, цалкам верагодна, што на след наркагандляра яны сапраўды напалі менавіта пасля антыцыганскай ночы з 16 на 17 траўня.

Але ёсць пэўныя факты, якія нельга ігнараваць.

ЧАМУ РАМАНА НАЗВАЛІ ЦЫГАНСКІМ БАРОНАМ?

І ў дадзеным кантэксце гэта вельмі важна. У першую чаргу таму, што калі б АМАП схапіў звычайнага цыганёнка 18 гадоў, які штурхае метадон на вуліцах Магілёва, эфект быў бы не такі.

А вось цыганскі барон – гэта аўтарытэт і ўлада. Тут лёгка можна заняцца розумавай эквілібрыстыкай і прыйсці да высновы, што калі ўжо цыганскі барон займаецца збытам дуры, то звычайныя рома і пагатоў.

Праблема толькі ў тым, што Раман – не цыганскі барон Чапаеўкі. Больш за тое, наколькі мы ведаем, у Чапаеўцы на дадзены момант няма цыганскага барона наогул. Падазраваны ў збыце наркотыкаў, па нашых дадзеных, сын барона, які карыстаецца павагай іншых, але не больш.

Міліцыя, якая перыядычна шарсціць цыганскія раёны, выдатна ведае пра гэта. Але ўсё ж выкарыстала канкрэтную фармулёўку ў дачыненні да Рамана, каб максімальна ўзвысіць статус сваёй здабычы.

АДКУЛЬ ПРЫЙШЛА ІНФАРМАЦЫЯ ПРА ЯГО ЗЛАЧЫНСТВЫ?

У прэс-рэлізе МУС варта звярнуць увагу на гэтыя словы неназванага прадстаўніка ГУБАЗіК па Магілёўскай вобласці:

«Напярэдадні да нас паступілі звесткі аб датычнасьці падазраванага да сістэматычнага збыту метадону, іншых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў».

Першае пытанне: напярэдадні – гэта калі? Учора? Пазаўчора? Да смерці Яўгена Патаповіча? Да масавых затрыманняў?

А калі «звесткі» пра наркагандляра Рамана паступілі пасля таго, як цыганы склалі зварот да памочніка прэзідэнта Румаса са скаргай на жорсткія дзеянні міліцыі, то карцінка становіцца пацешней.

Другое пытанне: ад каго прыйшлі гэтыя «звесткі»? Як правіла, пад гэтым словам маюць на ўвазе, што хтосьці прыйшоў і напісаў на Рамана заяву.

У адваротным выпадку, супрацоўнікі МУС не ўпусцілі б магчымасці пазначыць, што затрыманне «цыганскага наркабарона» – гэта вынік спланаванай і пісьменнай аперацыі. Пасля гэтага ж і зорачкі на пагоны можна атрымаць.

Ці шмат вы ведаеце выпадкаў, калі хтосьці з вуліцы прыходзіць і піша заяву на наркагандляроў? Асабліва цыганоў, якія жывуць вельмі закрыта? Ці гэта хтосьці з цыганоў здаў свайго ж? Выглядае дзіўна.

Ёсць яшчэ варыянт, што аператыўнікі даведаліся пра магчымую злачынную дзейнасць Рамана выпадкова. Але гэта наўрад ці. І вось чаму.

ЧАМУ НЕ ЗАТРЫМАЛІ РАНЕЙ?

Глядзіце, якая цікавая штука – «звесткі пра цыганскага наркабарона» паступілі «напярэдадні». Але ў рэлізе МУС змяшчаецца цікавая фраза: «Яго асноўнай крыніцай даходу з’яўляецца збыт наркотыкаў, легалізацыя крымінальных аўтамабіляў, вымагальніцтва і махлярства, здзейсненыя ў Расіі».

Калі з наркотыкамі усё зразумела – затрымалі па гарачых слядах, – то адкуль такая добрая дасведчанасць пра вымагальніцтва і махлярства ў Расеі? Легалізацыю крымінальных аўтамабіляў?

Каб казаць пра такі ўражлівы пералік злачынстваў, патрэбна актыўная распрацоўка, якую за дзень, тыдзень і нават месяц наўрад ці правядзеш.

Гэта значыць, што альбо пра Рамана проста хлусяць, альбо аб яго магчымай дзейнасці ведалі задоўга да антыцыганскай ночы.

Лагічнае пытанне: чаму ж не ўзялі тады раней? Падлеткаў, якія шыфруюцца з закладкамі ў кішэні, знаходзяцца на раз-два, а значную фігуру крымінальнага свету, якая робіць справы ў РФ, не бачылі ў кіламетры ад Інстытута МУС?

Акрамя таго, сцвярджаецца, што ў затрыманага ёсць дарагое жыллё і аўтамабіль, але пры гэтым ён нідзе не працаваў. Улічваючы перыядычныя бадзёрлівыя рэйды міліцыі па цыганскім мікрараёнам, складана паверыць, што супрацоўнікі АУС не заўважылі асабняк з непрацуючым мясцовым жыхаром ўнутры.

Тут магчымыя толькі тры варыянты: альбо сілавікі хлусяць, альбо яны тупыя ў край, альбо яны вельмі разумныя і ўсё ведалі даўно.

Апошні варыянт найбольш рэальны.

Чаму ж тады не адрэагавалі раней? Думку працягваць не будзем, занадта яна відавочная.

А ШТО З СУДЗІМАСЦЯМІ РАМАНА?

За стэрэатыпам пра цыгана-наркабарыгу лёгка прапусціць адзін цікавы момант. МУС сцвярджае, што Раман раней быў судзімы – за пагрозы забойствам, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і псаванне маёмасці. Звярніце ўвагу, што пра наркотыкі тут няма і гаворкі.

Гэта важна?

І не, і так. Лёгка ўявіць, што чалавек, які ўжо пераступаў закон, мог павесціся на лёгкія грошы ад продажу наркотыкаў.

У той жа час цікава, што ў яго няма судзімасцяў за захоўванне і збыт рэчываў. Вырашыцца зарабляць кэш ад продажу ўмоўнага метадону Раман мог бы і раней.

І калі ў дачыненні да яго ўжо заводзіліся крымінальныя справы і былі судзімасці, то міліцыя, згодна сваіх жа стэрэатыпаў, як мінімум павінна была правяраць цыгана на сувязь з наркатычным бізнесам.

Так што ці не правярала, ці не знаходзіла.

Яшчэ дзіўна ў прэс-рэлізе выглядаюць словы пра тое, што Раман асабіста прадаў некалькі доз за дзень.

Мужчына настолькі дурны, што праз некалькі дзён пасля масавых затрыманняў наважыўся на продаж наркотыкаў? Пры гэтым не прасіў нікога дапамагчы, а асабіста перадаваў атруту ў рукі пакупнікам? Пры гэтым з’яўляючыся не апошнім чалавекам у Чапаеўцы?

Дакладнага адказу пакуль няма.

Прычым ні на адно з вышэйназваных пытанняў.