Яго маці спачатку даведалася, што ён «з’ехаў з СІЗА з рэчамі», а затым атрымала пацверджанне, што ў дачыненні да яе сына прывялі ў выкананне смяротны прысуд.
28 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі/ ілюстрацыя – Сара Вон, the marshall project
Людміла Адамаўна каля месяца не атрымлівала лістоў ад Ігара, хаця да гэтага ён пісаў ёй рэгулярна. 28 лістапада яна адправілася ў Менск, у СІЗА №1, каб убачыцца з сынам, аднак там ёй паведамілі, што Гершанкоў «з’ехаў з СІЗА з рэчамі».
У гэты ж дзень яна ў судзе Магілёўскай вобласці атрымала інфармацыю, што Ігара пакаралі смерцю.
Раней маці другога асуджанага да смерці па справе “чорных рыэлтараў” Сямёна Беражнога стала вядома, што яе сына таксама расстралялі.
Цела абодвух мужчын родным не выдадуць, дзе яны будуць пахаваныя – таксама невядома.
Характэрна, што беларуская дзяржава не стала чакаць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, куды звярнуліся Гершанков і Беражной пасля Вярхоўнага суда.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International ужо выказала пратэст супраць пакарання асуджаных.
Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.
Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.