У магілёўскага актывіста Аляксандра Царука, актыўнага ўдзельніка пратэстаў і добраахвотніка супраць расейскай вайсковай агрэсіі, – анкалогія. Яму патрэбна дапамога.

BySol запусціў збор для аднаго з самых заўважных магілёўскіх актывістаў. У 2020 годзе Царук быў назіральнікам на выбарах, пасля фальсіфікацый і ўчыненага сілавікамі бязладдзя ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

Увосень 2020 года яго некалькі разоў падвяргалі адміністрацыйнаму арышту, у выніку чаго, па сукупнасці, ён правёў у ізалятары больш за месяц, пасля чаго вымушаны быў пакінуць Беларусь.

У лютым 2022 года, калі пачалася вайна ва Украіне, ён далучыўся да тады яшчэ батальёна Каліноўскага (ПКК), быў у падпарадкаванні камандзіра “Волата. Калі “Волат” загінуў, Царук апынуўся адным з апошніх, хто бачыў яго жывым.

Затым з-за праблем са здароўем – разбурэння тазасцегнавага сустава – Царуку прыйшлося з’ехаць у Вільню.

У траўні 2023 года абследаванне выявіла ў яго анкалогію (плоскаклеткавая карцынома галавы і шыі). 10-гадзінная аперацыя выратавала мужчыну жыццё, але зараз яму патрабуецца вельмі доўгі час на праходжанне тэрапіі.

Аляксандр Царук фізічна не можа працаваць, таму BySol аб’явіў збор для дапамогі магілёўцу. Дапамагчы можна па гэтай спасылцы (важна – толькі не з картак Беларусі і РФ):

ДАПАМОГА

Сябры каманды MSPRING.MEDIA добра ведаюць Аляксандра як адважнага і добрага чалавека, некаторыя памятаюць нават ягоны ўдзел у маршах пратэстаў супраць закона аб дармаедстве ў 2017 годзе. Мы просім усіх неабыякавых дапамагчы добраму чалавеку.