«Вячэрні Магілёў» перадрукаваў прапагандысцкі артыкул з сайта, які узвышае “рускі свет», і яму не сорамна.
12 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Дар’я Пералыгіна.
У №19 газеты «Вячэрні Магілёў» усю паласу заняў тэкст пра пакуты расейцаў у Еўропе і ЗША. Перадрук прыйшоў з прапагандысцкага рэсурсу «Руская Вясна», які быў створаны ў падтрымку сепаратыстаў з непрызнаных «ДНР» і «ЛНР». Зрэшты, сама «Руская вясна» запазычыла матэрыял у «РІА-Навіны».
У матэрыяле адзначаецца пазіцыя чатырох людзей, якія розны час жылі ў Бельгіі, Германіі, ЗША і Францыі, пасля чаго з задавальненнем вярнуліся ў Расею.
Напрыклад Дар’я Пералыгіна (на фота) з’ехала з Брусэлю, таму што “галоўнае бельгійскае свята – гей-парад”, а адзіны “добры квартал размешчаны побач са штаб-кватэрай Эўразьвязу”.
Таксама дзяўчыну здзівіла, што пра дзяцей ў Бельгіі “не занадта клапоцяцца. Дарослыя ідуць у шапцы, шаліку, куртцы, а дзіця бяжыць побач з голымі нагамі“.
Другая гераіня матэрыялу Кацярына Чурбанава панаракала на адсутнасць у немцаў эмоцый: “Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі будуюцца па раскладзе, няма ніякай рамантыкі, эмоцый”.
Андрэя, які адмовіўся называць сваё прозвішча, больш за ўсё абурыла дарагоўля абслугоўвання і тавараў у ЗША. Ну а самым незадаволеным з няўдалых экспатаў апынуўся Арцём Крыкуноў, які вярнуўся ў Расію з Францыі:
«Доўга жыў у раёне-гета Ліла, які дзялілі алжырская і сербская злачынныя групоўкі. Сербы займаліся кантрабандай алкаголю і цыгарэт. Алжырцы кантралявалі наркатрафік, дзеці 10-12 гадоў праз кожныя сто метраў прапаноўвалі купіць наркатычныя рэчывы. Ніхто нідзе не працаваў, усе атрымлівалі дапамогу».
Добра Арцёму стала толькі калі ён прыехаў у Санкт-Пецярбург:
«Вярнуўшыся з Парыжа, я здзівіўся, як змяніўся Пецярбург. Зараз я разумею, што Пецярбург на галаву вышэй Парыжа. Там за сем гадоў да лепшага не змянілася нічога».
«Вячэрні Магілёў» і раней займаў прарасійскія пазіцыі, публікуючы тэксты “Рускай Вясны” і іншых шавіністычных рускіх парталаў. Аднак гэта першы выпадак, калі матэрыял, які змяшчае прапаганду жыцця ў Расіі, займае цэлую паласу газеты.