Калоніяй строгага рэжыму.
У магілёўскім УУС мужчына, будучы нецвярозым, «непрыстойна выказаўся» ў адрас Лукашэнкі. Яго пакаралі двума гадамі калоніі строгага рэжыму.
У ліпені суд Ленінскага раёна Магілёва пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Рэбякова. Яго абвінавацілі ў тым, што ў верасні 2023 года ён, знаходзячыся ў нецвярозым стане, у нецэнзурнай форме выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што гэта адбылося ў прысутнасці супрацоўнікаў унутраных спраў у будынку УУС Магілёўскага аблвыканкама. Супраць яго была заведзеная крымінальная справа па ч.1 арт. 368 КК РБ. 22 ліпеня суддзя Наталля Панасенка прыгаварыла Рабякова да 2 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Акрамя таго, мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Вядома, што Андрэй Рабякоў абскардзіў прысуд у Магілёўскім абласным судзе. 24 верасня судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва пакінула прысуд у сіле.
Вядома, што мужчына быў раней судзімы 13 разоў. У сакавіку 2023 года суд Кастрычніцкага раёна разглядаў справу аб спыненні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Рабякова, а ў ліпені 2023 года ў судзе ўжо Аршанскага раёна адбыўся разгляд пытання аб спыненні прымусовых мер бяспекі і лячэння ў дачыненні да мужчыны.