Суддзя Ленінскага раёна Ігар Шведаў пастанавіў пачаць новую праверку па адміністратыўнай справе ў дачыненні да дэпутата.
25 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
6 траўня 2019 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, гендырэктар ЗАТ «ЦІС-Магмет» Валер Гусарэвіч і некалькі чалавек сталага ўзросту ўрачыста адкрылі парэнчы ў парку ў раёне вуліцы 30-ці гадоў Перамогі. Атрымалася рэзанансна – Марзалюк і Гусарэвіч нават перарэзалі чырвоную стужку, пасля чаго сталі мемам Байнэта.
Актывіст Аляксандр Хамратаў звярнуў увагу, што падчас мерапрыемства адсутнічалі супрацоўнікі міліцыі, хуткай дапамогі і МНС. Ён звярнуўся ў Ленінскі РАУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да дэпутата Ігара Марзалюка і пачаць адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Міліцыя адмовілася пачынаць працэс, спаслаўшыся на адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Хамратаў не пагадзіўся з пастановай Ленінскага РАУС і абскардзіў яе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Суддзя Ігар Шведаў пацвердзіў, што міліцыя аказалася няправай.
«Артыкул 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) складаецца з пяці частак. Аднак у пастанове [Ленінскага РАУС] аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні не пазначаная частка артыкула, якая прадугледжвае адказнасць за дадзенае правапарушэнне», – патлумачыў у пастанове суда Шведаў.
Суддзя таксама звярнуў увагу, што не ўстаноўлены статус мерапрыемства, падчас якога Марзалюк ўрачыста адкрыў парэнчы.
«Гэта не дазваляе зрабіць законны і абгрунтаваны вывад аб наяўнасці або адсутнасці прыкмет адміністрацыйнага парушэння», – заявіў суддзя Ленінскага раёна.
Ігар Шведаў адмяніў рашэнне Ленінскага РАУС і пастанавіў накіраваць матэрыялы праверкі ў дачыненні да Ігара Марзалюка на новы разгляд.
Аляксандр Хамратаў толькі часткова задаволены рашэннем:
– Вядома, добра, што суд звярнуў увагу на нестыкоўкі ў матэрыялах справы. Але праблема ў тым, што 6 ліпеня заканчваецца тэрмін прыцягнення дэпутата Ігара Марзалюка да адміністрацыйнай адказнасці. Я на сто адсоткаў упэўнены, што міліцыя зробіць усё, каб тэрмін мінуў, – пракаментаваў сітуацыю актывіст.