Прычынай сталі рэгулярныя забароны на правядзенне мірных сходаў у горадзе.

3 мая. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Анастасія Гузоўская, city.mogilev.by. На фота – Ала Галушка


Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і каардынатар БХД у Магілёўскай вобласці Алег Аксёнаў падалі ў гарвыканкам апавяшчэнне аб чарговым пікеце.

У гэты раз яны збіраюцца патрабаваць адстаўкі намесніцы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Алы Галушкі. Па горадзе яна адказвае за ідэалогію, культуру і справы моладзі. У яе абавязкі таксама ўваходзіць кантроль за дазволам і правядзеннем масавых мерапрыемстваў у Магілёве.

На думку палітыкаў, яна рэгулярна па надуманых прычынах забараняе правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў грамадзян, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

У красавіку Ала Галушка не дала Шанцаву і Аксёнаву згоды на правядзенне пікета за перанос завода «Омск Карбон Магілёў» на радзіму прэзідэнта. Тады ж яна адмовіла магілёўскім праваабаронцам у правядзенні «Манстрацыі».

Свае адмовы яна матывавала тым, што ў дзень, калі палітыкі і праваабаронцы хацелі правесці пікеты, у адзіным дазволеным для масавых мерапрыемстваў месцы павінен быў прайсці футбольны турнір.

Пазней нам удалося высветліць, што гарвыканкам арганізаваў футбол ужо пасля атрымання апавяшчэнняў на правядзенне мірных сходаў.

Праблема ў тым, што пікет Шанцава і Аксёнава з патрабаваннем адстаўкі Алы Галушкі павінна ўхваліць сама Ала Галушка, якая і «звычайныя» масавыя мерапрыемствы не дазваляе.