Зноў на праваабарончым паказе на «Кола» – лаўрэат прэміі «Оскар».
Бяры сяброў, бяры сям’ю – і пабеглі пад фантан гумару і выдатнай акцёрскай гульні, якую разбавім філасофскімі гутаркамі пра правы чалавека 16 траўня на «Коле»!
У гэты чацвер валанцёры «Магілёўскай вясны» пакажуць фільм «Зялёная кніга» 2018 года. На працягу некалькіх месяцаў стужка сабрала адразу некалькі галоўных кінаўзнагарод свету – тры «Залатыя глобусы» і столькі ж – «Оскараў» (за лепшы фільм, лепшы сцэнар і лепшую ролю другога плана).
Па сюжэце, багаты і таленавіты чарнаскуры музыкант Дон Шырлі збіраецца ў турнэ па ЗША з канцэртамі. Ён наймае ў якасці кіроўцы і целаахоўніка чалавека, які менш за ўсё падыходзіць для гэтай працы. Італьянец Тоні па мянушцы Балбатун – выкідала, які не ўмее трымаць рот на замку і карыстацца сталовымі прыборамі, але ён добра працуе кулакамі.
Прадстаўнікі студыі гуказапісу Дона даюць Тоні асобнік «Зялёнай кнігі», даведніка для чарнаскурых падарожнікаў па ЗША, дзе пазначаны гатэлі, рэстараны і заправачныя станцыі, якія змогуць іх абслужыць.
Гумар у фільме прабівае столі і нацягвае стэрэатыпы да разрыву – хаця б дзеля гэтага яго варта ўбачыць.
Ну а потым, з кубкам гарбаты, печыва і зефіру, гледачы абмяркуюць тое, што ўбачылі і паспрабуюць адказаць на звышсакрэтнае пытанне, якое падрыхтавалі арганізатары.
Збор да пачатку паказу – а 18.30.
Яшчэ раз:
Кінапрагляд з дыскусіяй «Зялёная кніга».
Магілёў, грамадскі цэнтр «Кола», (зав. Чкалава, 16)
16 траўня а 18:30.
Уваход – вольны!