Лёгка адкараскаўся.

8 траўня. Магілёў-Круглае. Алесь Святліцкі


Вярхоўны суд паведаміў, што жыхару Круглага, які ваяваў на баку так званай «Луганскай народнай рэспублік», далі 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. У заяве адзначаецца, што прысуд быў вынесены яшчэ 4 траўня Магілёўскім абласным судом.

Следства выявіла, што Я. (сапраўднае імя – Іван Яравы) браў удзел у баявых дзеяннях:

«Абвінавачаны Я. удзельнічаў ва ўзброеным канфлікце з Узброенымі Сіламі Украіны: абсталёўваў баявыя пазіцыі, праводзіў абстрэлы пазіцый Узброеных Сіл Украіны з выкарыстаннем замацаванай за ім баявой агнястрэльнай зброі, выязджаў у складзе разліку на лінію размежавання супрацьлеглых бакоў для карэкціроўкі і вядзення агню па пазіцыях суперніка, вёў агонь па пазначаных пазіцыях».

“Пушкін”. Фота – СБ. Беларусь сёння

Абвінавачванняў хапіла, каб суддзя вынес рашэнне пакараць Яравога двума гадамі калоніі агульнага рэжыму. Гэта мяккі прысуд – па ч .1 арт. 361-3 КК РБ баевіка маглі пакараць пяццю гадамі.

Вядома, што Яравы падчас баявых дзеянняў насіў пазыўны «Пушкін». Да 25 гадоў ён жыў у Круглым, пакуль ў 2014 годзе не паехаў у госці да бацькі ў расійскі Растоў. Ужо адтуль з дапамогай казакоў «ЛНР» ён перасёк мяжу з Украінай. Яго залічылі ў 16-ы батальён тэрытарыяльнай абароны сепаратыстаў «Лясун».

Акрамя наводкі гаўбіцы, Яравы ваяваў у якасці гранатамётчыкі і кулямётчыка. Затрымалі яго ў 2015 годзе, падчас прыезду ў Беларусь. Паводле дадзеных следства, ён меў намер ізноў адправіцца ваяваць.