Тры раённыя выбарчыя камісіі зняважылі двух з трох асноўных канкурэнтаў Лукашэнкі. Якім будзе адказ?

30 чэрвеня. Магілёў. Саша Райкан


Насельніцтва і тэрыторыя Магілёва разбітыя пад тры раённыя камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020. Запомніць іх лёгка – Ленінская, Кастрычніцкая і Магілёўская. Апошняя, у асноўным, абслугоўвае бліжэйшыя да горада вёскі, пасёлкі і аграгарадкі, хоць і размяшчаецца фізічна ў межах горада.

29 чэрвеня ў гэтых камісіях падвялі вынікі праверкі подпісаў па вылучэнню ў кандыдаты ў прэзідэнты. Вынікі бянтэжаць – Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу пракацілі міма выбараў, а ў Лукашэнкі, Дзмітрыева і Чэрэчаня нейкія фантастычныя лічбы.

Важна. Мы прыводзім лічбы менавіта па правераных подпісах – як правіла, гэта 21% ад агульнай колькасці здадзеных за вылучэнцаў.

ЛУКАШЭНКА. БЕСПАМЫЛКОВЫ БАЦЬКА

Адразу скажам – тут безальтэрнатыўна. І ў Магілёўскім, і ў Ленінскім, і ў Кастрычніцкім раёне ініцыятыўная група дзейнага прэзідэнта здала мільярды многія тысячы подпісаў выбаршчыкаў. Сярод iх недакладных настолькі мала, што гэта ўжо выглядае камедыяй.

Напрыклад, у Магілёўскай выбарчай камісіі з 2059 правераных подпісаў (усяго было здадзена амаль 10 тысяч) недакладнай прызналі… 1. Так, адзін.

У іншых выбаркамах вынікі не такія элегантныя, але ўсё роўна прыгожыя. У Ленінскім раёне з 10077 недакладнымі прызналі 162, а ў Кастрычніцкім з 95779.

Такім чынам, на ўвесь Магілёў з больш чым 110 тысяч подпісаў афіцыйна за Лукашэнку не прызналі 172. Каб вы разумелі маштаб – на падставе подпісаў у адным толькі Магілёве ЦВК можа зарэгістраваць дзейнага кіраўніка дзяржавы кандыдатам у прэзідэнты.

БАБАРЫКА І ЦАПКАЛА. ЦЯГНІКІ АДПРАЎЛЯЮЦЦА БЕЗ ІХ?

Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка разглядаліся як галоўныя апаненты Лукашэнкі. Мяркуючы па тым, што адбылося 29 чэрвеня ў раённых выбаркамах Магілёва – больш не разглядаюцца.

У Магілёўскім раёне выйшла цікавей за ўсё – там не будуць улічваць подпісы ні за Бабарыку, ні за Цапкалу. Згодна з праверкай камісіі, у абодвух прэтэндэнтаў узровень непраўдзівых сігнатур у падпісных лістах больш за 15%. Фактычна, гэта азначае выкід на сметнік ўсіх сабраных і здадзеных па раёне подпісаў.

Цікава, што Магілёўскі райвыбаркам вызначыў нібыта падробку подпісаў з дапамогай замоўленай экспертызы. Па іншых вылучэнцам у гэтым раёне падобнай экспертызы не праводзілася. У Цапкалы недакладнымі прызналі 20 подпісаў са 129 правераных, а ў Віктара Бабарыкі28 з 177.

У іншых камісіях палітыкі таксама атрымалі кучу праблем. Ленінскі выбаркам не будзе ўлічваць здадзеныя подпісы за Бабарыку (недакладнымі прызнаныя 274 подпісы з 1766), а Кастрычніцкая – за Цапкалу (182 з 1007).

Больш за тое, Цапкала і Бабарыка рызыкавалі страціць наогул ўсе галасы ў Магілёве. Кастрычніцкая камісія налічыла, што ўзровень браку ў падпісных лістах за Бабарыку склаў 14,8% (а мы ж памятаем, што калі было б больш 15%, то game over). Ленінская прыйшла да высновы, што колькасць недакладных подпісаў у Цапкала склала 13,6%.

Але што ў глабальным выніку?

А ў глабальным выніку, калі ўзяць усё магілёўскія подпісы, якія не будзе ўлічваць ЦВК за Бабарыку і Цапкалу, то выходзіць, што палітвязень банкір страціў у абласным цэнтры ў сукупнасці больш за 5,5 тысяч, а былы кіраўнік ПВТ – больш за 3 тысячы подпісаў.

Варта ўлічваць, што прэс-службы абодвух прэтэндэнтаў у кандыдаты заяўлялі пра тое, што да здачы подпісаў у камісіі яны прайшлі некалькі праверак – і ўсё было ў парадку. Мабыць, штабам вылучэнцаў пара б гучней гаварыць пра тое, што выбары праходзяць несумленна і пераходзіць да нейкіх актыўных дзеянняў. Калі, яны, вядома, не лічаць дэкласаванне Бабарыкі і Цапкалы чымсьці нармальным.

ЦІХАНОЎСКАЯ. НЕЧАКАНЫ ПРАХОД

Трэцяя вылучэнка з ліку галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі – Святлана Ціханоўская – досыць нечакана прайшла па ўсіх трох магілёўскіх раёнах. Чаму не сталі «валіць» яе?

Магчыма, надзеі дзяржаўнага апарату звязаны з тым, што Ціханоўская сама здымецца з выбараў, не вытрымаўшы ціску. А яно, улічваючы пачкі пасаджаных пад арышт або ў СІЗА прыхільнікаў «Краіны для жыцця», немаленькае.

Усяго ж у ЦВК ад Магілёва ў падтрымку Ціханоўскай пойдуць каля 5,5 тысяч подпісаў. Вельмі нядрэнна. Ва ўсякім разе, гэта пакідае надзею беларусам на рэгістрацыю хаця б аднаго пратэстнага кандыдата.

КАНАПАЦКАЯ, ДЗМІТРЫЕЎ, ЧЭРАЧАНЬ. АДКУЛЬ СТОЛЬКІ ПОДПІСАЎ?

Пра гэтых вылучэнцаў гаворыцца менш, чым пра астатніх. А дарма. Мяркуючы па тым, колькі яны здалі подпісаў у раённыя выбарчыя камісіі Магілёва, менавіта гэтая тройца можа стварыць выбарчы ландшафт да 9 жніўня.

Проста, каб вы разумелі: за Андрэя Дзмітрыева з «Гавары праўду» ад абласнога цэнтра ў ЦВК пойдзе больш за 17 тысяч подпісаў, за Сяргея Чэрэчаняамаль 20 тысяч, а за экс-дэпутатку Ганну Канапацкую – больш за 5 тысяч.

Гэта прытым, што масавых чэргаў да іх на пікеты не стаяла. Удалося сабраць пакватэрным абыходам? Можа быць, вядома, ўсякае.

Зрэшты, без цікавостак не абышлося. У Ленінскай раённай камісіі па выбарах на пасяджэнні заявілі, што 6 падпісных лістоў (у кожным па 16 подпісаў) ў падтрымку Андрэя Дзмітрыева  былі проста… аддрукаваныя на друкарцы. Аднак узровень браку не перавысіў 15% ад колькасці адабраных подпісаў, таму Дзмітрыеў па Ленінскім раёне па-ранейшаму ў гульні.

НУ, А ВЫСНОВА?

Галоўная праблема ўсіх гэтых выдатных лічбаў складаецца ў тым, што імі займалася ўсяго толькі пару дзесяткаў людзей, якіх было немагчыма кантраляваць.

Назіральнікі ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Саша Райкан падавалі заявы на тое, каб прысутнічаць падчас праверкі подпісаў ва ўсе тры раённых выбаркама ў Магілёве, але атрымалі адмову.

Варта таксама ўлічваць, што займаліся верыфікацыяй людзі, правераныя гадамі. На галоўных ролях што ў Магілёўскай, што ў Ленінскай, што ў Кастрычніцкай камісіі знаходзяцца людзі, якія ўзначальвалі падобныя камісіі на некалькіх мінулых выбарах. Нагадаем, што іх вынікі былі сфальсіфікаваныя – пра гэта заявілі і праваабаронцы, і кампанія «Права выбару», і міжнародныя назіральнікі.

Таму пытанне ў сумленнасці праверкі подпісаў (асабліва ў выпадку з Цапкалай і Бабарыкай) стаіць вельмі востра.

Абавязкова трэба згадаць той факт, што назіральнікі некалькі разоў атрымлівалі сігнал аб адміністрацыйным рэсурсе, які выкарыстоўвае ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Часцей за ўсё, гэта былі паведамленні пра тое, што кіраўнікі дзяржаўных структур вымушаюць падначаленых распісвацца ў падтрымку дзеючага прэзідэнта. Можна зрабіць выснову, што гэтым і тлумачыцца фантастычна вялікая колькасць подпісаў за кіраўніка дзяржавы.

Зрэшты, этап скончаны. Цяпер застаецца чакаць рашэння ЦВК – каго ўсё ж зарэгіструюць у якасці кандыдата ў прэзідэнты, а хто так і не атрымае свае скарыначкі. Выбары-2020 набіраюць ход.