Заява Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Мінск, 12 траўня 2020 г.

На працягу апошняга месяца адбыліся шматлікія факты пераследу і ўціску  сябраў нашай арганізацыі з боку праваахоўных органаў. Пераслед праваабаронцаў з “Вясны” падмацоўваецца інфармацыйнай кампаніяй, скіраванай на дыскрэдытацыю сябраў ПЦ “Вясна”  і арганізацыі ў цэлым на старонках буйнейшага дзяржаўнага друкаванага СМІ — газеты “СБ Беларусь сегодня.”

На працягу 7 і 9 траўня 2020 г. пракацілася хваля затрыманняў грамадзян, якія бралі ўдзел у мірных сходах у розных гарадах Беларусі. Больш за 100 з іх  былі затрыманыя за рэалізацыю імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

Пад рэпрэсіі патрапілі і сябры ПЦ “Вясна”, якія ажыцяўлялі маніторынг і збор інфармацыі з гэтых падзей.

Так, 8 траўня 2020 г. у г. Магілёве супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы сябра ПЦ “Вясна” і журналіст праваабарончага сайту mspring.online  Аляксандр Буракоў. Супраць яго пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 23. 34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і ён быў затрыманы на 72 гадзіны да разгляду справы судом. 11 траўня А. Буракоў быў дастаўлены ў суд Ленінскага р-на г. Магілёва, які вынес пастанову аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 10 сутак.

Таксама 8 траўня была спроба затрымання сябра ПЦ “Вясна” у г. Магілёве журналіста  Алеся Буракова, яму ўдалося пазбегнуць гэтага.  Аднак пагроза затрымання застаецца.

10 траўня у г. Брэсце знік сябра ПЦ “Вясна” Уладзімір Вялічкін, які праводзіў маніторынг традыцыйнага нядзельнага мірнага сходу праціўнікаў будаўніцтва акумулярнага завода.  На працягу дзвух сутак ні ягоныя родныя, ні калегі, не маглі высвятліць ягоны далейшы лёс і месцазнаходжанне. 11-га траўня стала вядома, што У. Вялічкін быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў Кобрынскі РУУС. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пастановай суда Ленінскага р-на г. Брэста  У. Вялічкін быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці  ў выглядзе штрафа ў памеры 50 б.в. Аднак пераслед праваабаронцы працягваецца: яго затрымалі ізноў, даставілі ў ІЧУ да новага суда, які адбудзецца неўзабаве.

Нічым не абумоўлены вываз міліцыяй  У. Вялічкіна ў іншы горад, у сукупнасці з непрадстаўленнем  інфармацыі аб ягоным месцы знаходжання і затрыманні родным і калегам на працягу дзвух сутак, расцэньваюцца намі як аказанне ціску на сябра нашай арганізацыі з мэтай перашкодзіць ці спыніць ягоную легітымную праваабарончую дзейнасць.

Асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты правядзення праверак у рамках КПК у дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна”  –  праваабаронцы і эка-актывісткі ў г. Светлагорску  Алены Маслюковай, а таксама журналіста  Андрэя Мядзведзева ў г. Рэчыца. Праверкі былі распачатыя па заявах аб нібыта публічных абразах, адказнасць за якія прадугледжаная арт. 189 КК Рэспублікі Беларусь.

Дадзеныя  праверкі таксама расцэньваюцца намі выключна як форма аказання ціску на нашых калег у сувязі з іх публічнай і актыўнай дзейнасцю па адстойванні правоў іншых грамадзянаў, збору і распаўсюду праўдзівай інфармацыі аб грамадска-палітычных падзеях у краіне, фактах парушэнняў правоў грамадзян, у тым ліку права на здаровае навакольнае асяроддзе.  Акрамя таго, мы прынцыпова выступаем за дэкрыміналізацыю дэфамацыі ў заканадаўстве Беларусі.

Рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” з боку ўладаў адбываюцца падчас кампаніі чарговых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня 2020 г.

У сувязі з гэтым, мы сябры Рады ПЦ “Вясна”, пратэстуем супраць нічым не прыхаванага пераследу і ўціску сябраў нашай арганізацыі за ажыцяўленне імі легітымнай праваабарончай дзейнасці. Такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам як Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г., у прыватнасці.

Мы патрабуем:

неадкладна вызваліць затрыманых сябраў ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна і Аляксандра Буракова;

спыніць распачатыя праверкі і іншыя формы ўціску сябраў ПЦ “Вясна” Алены Маслюковай і Андрэя Мядзведзева;

прыняць захады па выкананні гарантый праваабарончай дзейнасці на практыцы, асабліва ў перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў.