Галоўнага «міліцэйскага лекара» Магілёва, дэпутата гарсавета выкрылі ў раптоўных уцёках у іншую краіну

Яго імя ўжо прыбралі са спіса адміністрацыі медслужбы УУС.

12 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі/photo-uvd.mogilev.by


Тэлеграм-канал блогера Сцяпана Святлова NEXTA паведаміў пра тое, што высокапастаўлены міліцэйскі начальнік Сяргей Максімаў раптам знік з працоўнага месца і, як мяркуецца, з’ехаў у іншую краіну.

Як стала вядома, каля тыдня назад кіраўнік медычнай службы Дэпартамента фінансаў і тылу УУС Магілёўскага аблвыканкама не выйшаў на працу. У яго кабінеце знайшлі рапарт пра звальненне, ключы ад кабінета і пасведчанне. Мяркуецца, што Максімаў выляцеў у ЗША ці Ізраіль праз Літву. З афіцыйнага сайта структуры знікла інфармацыя пра яго, але засталася ў кэшы пошукавікаў. Часова выканаўцам абавязкаў начальніка стаў Алег Катлярэнка.

Да таго, як узначаліць кіраванне медслужбай магілёўскай міліцыі, Сяргей Максімаў доўгія гады ўзначальваў паліклініку КДБ і Быхаўскую цэнтральную раённую лякарню.

На працы ў якасці начальніка медслужбы УУС, мужчына адзначыўся не вельмі дэмакратычным стылем кіравання, пра што расказваў сам у адным з інтэрв’ю «Вячэрняму Магілёву». Пасля свайго прызначэння на працягу некалькіх гадоў значна памяняў кадравы склад сваіх падначаленых.

Апроч кіраўніцтва ў медычнай службе міліцыі, Максімаў таксама з’яўляецца дзейным дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў па Арлоўскай выбарчай акрузе №11.

Характэрна і тое, што ў яго сяброўскія адносіны з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Старавойтавым, які да свайго траплення ў парламент доўгі час узначальваў цэнтральную паліклініку №1 г. Магілёва.