Шклоўская ПК-17 зноў здзіўляе незвычайнымі паборамі.

На гэты раз адміністрацыя папраўчай калоніі замовіла зняволеным падвесныя кашпо са штучнымі кветкамі і спецыяльным мацаваннем, а таксама карціны на шкле. Асуджаныя ўжо перадалі пажаданне начальства сваім сваякам, каб тыя перадалі пакупкі праз юрыста папраўчай установы ў дар атрадам. Калонія, здаецца, рыхтуецца да чарговага візіту правяраючых.

Трэба адзначыць, што ВК-17 у бытавым плане выглядае адной з лепшых у краіне. Напрыклад, тут у пакоі для званкоў нядаўна першымі ў краіне ўсталявалі 16 кампутараў для ажыццяўлення відэазванкоў праз інтэрнэт-мэсэнджары, цалкам вырашыўшы праблему рэжымных зносін асуджаных са сваякамі.

Аднак паляпшэнне бытавой часткі заўсёды праводзілася дзякуючы паборам са сваякоў асуджаных.

Багаты «дар» атраду абяцае асуджанаму шэраг паслабленняў і нават умоўна-датэрміновае вызваленне. Нягледзячы на знешне нядрэнныя ўмовы, менавіта ў гэтай калоніі 21 траўня 2021 года загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Начальнік калоніі Аляксандр Карніенка і начальнік рэжымнай часткі ўстановы Сяргей Карчэўскі ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза.