Дар’ю Чульцову абвінавачваюць у тым, што яна зрабіла сюжэт пра галоўнага беларускага ідэолага для тэлеканала «БелСАТ».

23 верасня. Бялынічы. Алесь Святліцкі


Журналістка-фрылансер Дар’я Чульцова атрымала позву ў суд Бялыніцкага раёна на 26 верасня. Працэс пачнецца а 10 раніцы, паведамляе spring96.org.

Чульцову абвінавачваюць у тым, што яна зрабіла незаконны відэарэпартаж «Новы галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч». Сюжэт быў паказаны 22 жніўня ў эфіры тэлеканала «БелСАТ», журналісты якога цягам доўгіх гадоў падвяргаюцца пераследу з боку беларускіх уладаў.

У матэрыялах адміністрацыйнай справы, у прыватнасці, пазначана, што Чульцова праводзіла інтэрв’ю з людзьмі ў сярэдняй школе №1 і незаконна вырабіла прадукцыю СМІ, што парушае ч.2 арт. 22.9 КаАП.

За некалькі дзён да гэтага ў Бялыніцкі РАУС спрабавалі выклікаць аператара-фрылансера Міхаіла Аршынскага. Магчыма, у дачыненні да яго хочуць пачаць адміністрацыйны працэс па той жа самай справе.

18 верасня супрацоўнік Ленінскага РАУС г. Магілёва хацеў ўручыць Аршынскаму позву ў Бялынічы, але нечакана пацярпеў зневажальнае фіяска.