Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі прэзентуе відэа-выставу фатографа Уладзіміра Сапагова, прысвечаную мітынгу “Гадзіна смутку і маўчання”, які адбыўся ў Мінску 26 красавіка 1989 года.
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі адзначае асаблівую актуальнасць гэтай тэмы напярэдадні пуску Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, запланаваным на пачатак ліпеня:
“Гэтую выставу мы прысвячаем адкрыццю Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, як папярэджанне пра грозную небяспеку, з якой нам давядзецца жыць побач усе наступныя гады”.
Сама ідэя пабудовы БелАЭС вельмі неадназачна ўспрынятая ў беларускім грамадстве, якое заплаціла “мірнаму атаму” надта вялікі кошт 34 гады таму.
А тады, 26 красавіка 1989 года, у Мінску адбылася першая масавая акцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы. Тысячы людзей з розных беларускіх гарадоў у той дзень сабраліся на цэнтральнай плошчы сталіцы на маўклівую акцыю. Гарэлі знічы, адмерваў сімвалічныя хвіліны звон.
Красавіцкі мітынг “Гадзіна смутку і маўчання” працягнуў вулічную актыўнасць дэмакратычных сілаў. У 1989 годзе тэма Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі прагучыць надзвычай востра і актуальна. Улады будуць змушаныя распачаць сур’ёзныя дзеянні па змяншэнні наступстваў ядзернай катастрофы.
Напачатку анансуемай відэа-выставы Уладзіміра Сапагова змешчаны невялікі відэаролік, прадастаўлены Уладзімірам Раманоўскім.