У службовых асоб заводаў «Кранаспан», «ВМГ Індустры», «Мебелайн», а таксама камунальнага прадпрыемства «Жылкамгас» праблемы.
21 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Photo – prokuratura.gov.by
Пракуратура Магілёўскага раёна высветліла, што ў рэкі Дзягцерку і Вільчанку рэгулярна скідаліся сцёкавыя воды, у якіх узровень шкодных рэчываў у шмат разоў перавышаў дапушчальныя нормы.
Галоўнымі фігурантамі крымінальнай справы з’яўляюцца чыноўнікі МКУП «Жылкамгас». Па версіі пракуратуры, камунальнікі ўзялі на сябе абавязак па ачыстцы водных адходаў з прадпрыемстваў «Кранаспан», «ВМГ Індустры», «Мебелайн». Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Магілёўскага аблвыканкама ў свой час выдаў МУКП «Жылкамгас» дазвол на спецыяльнае водакарыстанне, у якім прадугледзеў нарматывы дапушчальных скідаў хімічных і іншых рэчываў у складзе сцёкавых вод, у тым ліку фармальдэгід.
Пракурорская праверка паказала, што воды, якія нібыта ачышчаў «Жылкамгас», неслі страты для экалогіі, паколькі канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў неаднаразова перавышала устаноўленыя велічыні. Больш за тое, ачышчальнае абсталяванне «Жылкамгаса» ўвогуле не дазваляла выдаляць з вадкасці фармальдэгід.
Трэба сказаць, што рэкі Вільчанка і Дзягцерка, у якія скідалі сцёкавыя воды прадпрыемствы, вядуць да Вільчанскага вадасховішча. Улетку тут купаецца мноства дзяцей і дарослых. Праўда, служба санітарнага нагляду ў гэтым годзе забараніла адпачынак на вадаёме, паколькі ўстанавіла неадпаведнасць вады гігіенічным нарматывам.
Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці, «Жылкамгас» груба парушыў прыродаабароннае заканадаўства – сістэматычна дапускаў скід сцёкавых вод з перавышэннем канцэнтрацый шкодных рэчываў у камунальную дажджавую каналізацыю, адкуль яны далей патрапілі ў рэкі Дзягцерку і Вільчанку без нармальнай ачысткі, а таксама не мадэрнізавала гідратэхнічные збудаванні.
Па факце парушэння распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб МУКП «Жылкамгас», ЗТАА «ВМГ Індустрыі», ЗТАА «Кранаспан АСБ» і ЗТАА «Мебелайн» па ч.2 ст.272 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Для арганізацыі папярэдняга расследавання справа накіравана ў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Адзначым, што ў СЭЗ «Магілёў» у хуткім часе на поўную таксама запрацуе завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон».