Яшчэ і зрабіў гэта на самай жудаснай «трасянцы», якую вы толькі бачылі.

22 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Актывіст з Магілёва Валадар Цурпанаў ў апошні час актыўна вядзе перапіску з дзяржаўнымі органамі Беларусі і дэпутацкімі карпусамі ўсіх узроўняў. Прычына – у інтэграцыйных мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

На думку Цурпанава, Беларусь стаіць перад відавочнай небяспекай страты ўласнай незалежнасці. У гэтым ён падтрымлівае філосафа і публіцыста Уладзіміра Мацкевіча, які ў апошнія некалькі месяцаў запусціў акцыю грамадзянскага пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі «Свежы вецер».

Каб высветліць стаўленне дэпутатаў Магілёўскага аблсавету да пагрозы страты суверэнітэту, Цурпанаў на пачатку кастрычніка накіраваў кожнаму з іх запыт. У ім ўказваліся прыкметы хуткага паглынання Беларусі.

Магілёвец праз электронны зварот спытаў у дэпутатаў, «ці гатовыя яны прызнаць недзеяздольнымі ўсе інстытуты выканаўчай улады ў краіне і абвясціць працэдуру банкруцтва ўраду і адміністрацыі прэзідэнта».

Таксама Цурпанаў задаў пытанне аб патэнцыйных наступствах:

– Ці гатовыя вы разгледзець планы антыкрызіснага кіравання гаспадаркай і эканомікай Рэспублікі Беларусь для прадухілення недружалюбнага паглынання нашай дзяржавы іншай дзяржавай і ўвядзення вонкавага кіравання, – напісаў у сваім запыце актывіст.

Ярчэй за ўсе праявіў сябе дэпутат Магаблсавета дэпутатаў Анатоль Глаз.

За адну гадзіну адправіў Цурпанаву аж тры адказы. У кожным наступным ён спрабаваў выправіць памылкі і фармулёўкі, якія дапусціў. Але ў выніку ўсё атрымалася зусім сумна – на ломанай «трасянцы» дэпутат заявіў Цурпанаву, што «здраду ён бачыць у кішэні актывіста» і параіў яму спытаць у краін Еўрасаюза «за што яны прадалі свой суверэнітэт».

Зрэшты, гэта толькі частка адказаў. Атрымлівайце асалоду:

Анатоль Глаз здзіўляе гэтай восенню не ў першы раз. У верасні ён ад імя арганізацыі ветэранаў звярнуўся ў Магілёўскі гарвыканкам з просьбай перайменаваць Падміколле ў Парк Перамогі.

Яшчэ раней ён прапанаваў назваць пляцоўку перад дыягнастычным цэнтрам плошчай імя Пятра Машэрава.

Абедзве ініцыятывы водгуку ў гарадскіх уладаў тады не знайшлі.