Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла ў так званы «Пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» Арцёма Антонава – сына пісьменніка-фантаста, аўтара кніг сусвету «Метро 2033» і журналіста Сяргея Антонава.

«Экстрэмісцкай дзейнасцю» сілавікі палічылі «абразу Лукашэнкі». Нагадаем, Арцём Антонаў быў затрыманы ў сярэдзіне снежня 2023 года ў Быхаве. Спачатку мужчыну ўзялі па адміністрацыйнай справе. Потым дома ў сына пісьменніка прайшоў вобшук, была канфіскавана тэхніка, а самому Арцёму Антонаву прад’явілі абвінавачанне за «абразу Аляксандра Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ). 19 красавіка суд Быхаўскага раёна прыгаварыў Антонава да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў ўмовах агульнага рэжыму.

🔗MSPRING нагадвае, што арышт Арцёма Антонава супаў з крымінальным пераследам яго бацькі, якому ў канцы 2023 года давялося пакінуць Беларусь з-за супрацоўніцтва з парталамі 6ТВ і Магілёў Медыя.

👀Акрамя Арцёма Антонава, у «спіс экстрэмістаў» таксама ўнеслі магіляўчанку Алену Дуброўскую. У красавіку 2024 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яе вінаватай у «абразе Лукашэнкі» і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 1 год і 6 месяцаў.

⚖️Яшчэ адным жыхаром Магілёва, унесеным МУС у спіс, стаў Сяргей Сухавараў – яго на закрытым пасяджэнні судзіў Магілёўскі абласны суд. Вядома, што яму былі прад’яўленыя абвінавачанні за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ). Прысуд суда па гэтай справе невядомы.