У беларускіх папраўчых калоніях працягваецца неаб’яўлены конкурс на самы экстравагантны звярынец. У магілёўскай ПК-15 ёсць клетка з амадзінамі.
На гэтых экзатычных птушак асуджаныя могуць паглядзець толькі падчас працяглых спатканняў (ДС) са сваякамі. Клетка з імі ўсталявана ў так званым “гатэлі” для ДС.
Амадзіны – гэта маленькія птушачкі з атрада вераб’інападобных, якія водзяцца ў Афрыцы, Паўднёвай Азіі і Аўстраліі. Некаторыя з іх можна змяшчаць у хатніх умовах. У Менску іх можна купіць па кошце ад 20 да 70 рублёў за асобу.
Нагадаем, аб стварэнні “жывых куткоў” у шклоўскай ПК-17 і магілёўскай ПК-15 мы ўпершыню распавялі ў жніўні 2022 года. У ПК-15 тады з’явіўся вальер для янота, а ў ПК-17 ужо ў прагулачным дворыку хадзілі паўліны. Такія міні-звярынцы пакідаюць незгладжальныя ўражанні ў сваякоў асуджаных, якія потым захоплена расказваюць, як добра жывецца ў калоніях і дзякуюць начальнікам.
Аднак асуджаныя, якія пазней адбылі тэрмін, расказваюць, што стаўленне да жывёл у папраўчых установах часта лепшае, чым да людзей.
Нагадаем, у лістападзе 2024 года стала вядома аб гібелі ў магілёўскай ПК-15 грамадзяніна Расіі Дзмітрыя Шлетгаўэра. У калоніі ён прабыў менш за месяц, дакладная прычына смерці невядомая. Мужчына быў асуджаны да 12 гадоў нібыта за “шпіянаж” (арт. 358 КК) і “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта была мінімум сёмая смерць палітвязня за кратамі.