СІЗА і турмам закон не пісаны. Жорсткі ліст галоўнага санітарнага лекара МУС

Міліцыянты лічаць, што на месцы ўтрымання пад вартай законы краіны не распаўсюджваюцца.

16 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Праваабаронцы «Магілёўскай Вясны» атрымалі максімальна шчыры адказ ад галоўнага санітарнага лекара МУС Аляксандра Казлова. Пры гэтым начальнік Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС (менавіта ён адначасова выконвае і функцыі Галоўнага санітарнага лекара МУС) сваю пазіцыю абгрунтаваў спасылкамі на некаторыя дакументы. Праўда, пра некаторыя пунктах тых жа законаў ён нічога не сказаў. А вось праваабаронцы ў іх пакапаліся.

Гаворка ідзе пра санітарныя нормы і правілы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усе грамадзяне краіны абаронены пастановай Міністэрства аховы здароўя №82. Напрыклад, калі мы з акна кватэры ці дома глядзім на сонца, то гэтае наша права абаронена ўзгаданым нарматыўным прававым актам.

Але вось калі чалавек па волі лёсу трапіў у СІЗА, то ўсё для яго змяняецца. Там яго вакно закрываецца суцэльным металічным шчытом, а законы Беларусі трактуюцца па жаданню калідорнага кантралёра.

НЕ ДОМ, НЕ ОФІС. А ШТО?

Аляксандр Казлоў піша, што Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла нормы асвятлення для жылых і грамадскіх будынкаў. А на камеры следчых ізалятараў і турмаў яны не распаўсюджваюцца, бо яны не адносяцца ні да грамадскіх, ні да жылых памяшканняў. Гэта месца ўтрымання пад вартай. Сваю пазіцыю ён абгрунтаваў адпаведным Законам «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай».

То бок, гэта нейкі асаблівы статус, не абумоўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь?

Праваабаронцы з такой трактоўкай не згодныя. Бо відавочна, што для зняволеных у СІЗА і турмах забяспечаныя ацяпляныя памяшканні, спальныя месцы, душавыя, арганізавана трохразовае харчаванне і прагулкі на вуліцы.

Адзін з аўтараў звароту да Галоўнага санітарнага ўрача МУС Аляксандр Буракоў адзначае, што праваабаронцы скрупулёзна перачыталі ўсе законы, на якія спасылаецца Аляксандр Казлоў. І аказалася, што міліцэйскі чыноўнік не стаў адразу тлумачыць самае важнае.

У артыкуле 15 Закона «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», на які і спасылаецца Казлоў, вельмі канкрэтна прапісана, што:

Медыцынская дапамога і забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Таксама Галоўны санітарны ўрач МУС змаўчаў яшчэ аб адной важнай праблеме. Артыкул 9 вышэй згаданага закона, які называецца «Рэжым у месцах утрымання пад вартай» кажа, што ў месцах утрымання пад вартай дзейнічаюць правілы ўнутранага распарадку і гэтымі правіламі усталёўваецца ў тым ліку парадак забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту.

Аднак у Правілах унутранага распарадку, зацверджаных пастановай МУС, зусім нічога не сказана аб санітарных нормах і правілах, якія дзейнічаюць у папраўчых установах. Гэта і прыводзіць да такой трактоўцы ўмоў утрымання грамадзян у пенітэнцыярных установах, калі законы краіны ў іх перастаюць дзейнічаць.

У СТЫЛІ «САМ ДУРАНЬ»

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка так пракаментаваў дастаткова жорсткі стыль адказу чыноўніка МУС:

Усё выглядае так, быццам намаганні магілёўскіх праваабаронцаў ужо канчаткова раззлавалі МУС у асобе зацікаўленых дэпартаментаў, і чыноўнікі хочуць скончыць гэтую спрэчку ў звыклай манеры – «сам дурань». Бюракратам ў пагонах прапаноўваўся аргумент за аргументам: цёмныя турэмныя камеры і міжнародным стандартам супярэчаць, і нацыянальным нормам.

Вось з гэтымі нацыянальнымі нормамі як раз нязручна і атрымліваецца: МУС сцвярджае, што гэтыя нормы не парушаныя. І не парушаныя проста таму, што іх няма. Калі ім пачынаюць тлумачыць, што ўсё ж яны ёсць – у адказ новы аргумент: ёсць, але не для зняволеных.

Аказваецца, на думку МУС, у зняволеных няма нават права на стандартызаваныя ўмовы ўтрымання. Таксама яны потым адкажуць і на іншыя патрабаванні – напрыклад, аб захаванні нормаў вільготнасці памяшканняў і тэмпературы ў іх. Што ж, усё правільна: мы, праваабаронцы, пра гэта як раз і кажам – зняволеныя ў Беларусі бяспраўныя”.

Аляксандр Буракоў дадае, што ў адказе галоўнага санітарнага лекара МУС можна знайсці і пазітыўны момант – становіцца ясная логіка мыслення і дзеянняў супрацоўнікаў ДВП.

ПРЫРОЎНЕНЫЯ ДА КАТАВАННЯЎ

Галоўны санітарны ўрач адкрыта піша, што сувязі з нібыта адсутнасцю нарміруемых паказчыкаў для натуральнага асвятлення ў камерах следчых ізалятараў і турмаў, узровень іх асветленасці натуральным святлом нават не замерыцца. Кантралюецца толькі ўзровень штучнай асветленасці – гэта значыць, сочаць, каб кругласутачна гарэла святлодыёдная лампа, ад якой праз тыдзень садзіцца зрок.

Пры гэтым, нагадаем, у следчых ізалятарах утрымліваюцца пад вартай грамадзяне юрыдычна невінаватыя да рашэння суда. Больш за тое, некаторыя з іх пасля судом могуць быць апраўданыя. У сістэме ДВП МУС такіх устаноў дзевяць: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; і шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Бабруйску. Яны разлічаны на шэсць тысяч чалавек.

Пазіцыя праваабаронцаў нязменная: цяперашнія ўмовы ўтрымання ў СІЗА і турмах, пры невыкананні патрабаванняў санітарных норм і правілаў адназначна могуць быць прыроўненыя да катаванняў – дзеянням, якімі наносіцца пакуты і шкода здароўю чалавека, каб пакараць яго – што парушае Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (ратыфікаваная Беларуссю ў 1987 годзе).