Фэйк смешны, а сітуацыя страшная.

28 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У дадзены момант ідзе працэс здабыцця Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой незалежнасці ад Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата. «Вячэрні Магілёў» не змог прайсці міма такой «братняй здрады» і ў апошнім нумары за 27 снежня апублікаваў матэрыял з падрубрыкай «Страшнае прароцтва пра Украіну».

Згодна з пазіцыяй рэдакцыі, суседняя дзяржава «пасля аўтакефаліі пацерпіць больш за ўсіх народаў на Зямлі». У якасці аўтарытэтнага прарока «ВМ» абраў выказванні старца Мікалая Трубіна:

«На Украіне будзе аўтакефалія, і хоць на 5 хвілін, але па ўсёй Украіне будзе каталіцтва. Калі Украіна прыме аўтакефалію, прарве Кіеўскую дамбу і будуць плаваць па Кіеве караблі. І за тое, што Украіна адступіць ад веры, яна пацерпіць больш за ўсіх народаў на Зямлі», – цытуе Трубіна «Вячэрні Магілёў».

У якасці доказу слоў старца газета ніжэй надрукавала матэрыял «Рэальная сітуацыя на кіеўскай ГЭС выклікае трывогу». У ім кіраўнік незразумелай міжнароднай групы навукоўцаў па прагназаванню наступстваў катастроф Васіль Крэда заявіў, што «Кіеўскі вадаём з’яўляецца найнебяспечным месцам на планеце». На думку Крэды, калі плаціну прарве, то загіне 15 млн. чалавек і будзе знішчана 27 гарадоў.

«На ўсю Украіну хлыне радыёактыўнае цунамі з Кіеўскага мора», – так «Вячэрні Магілёў» рэзюмаваў вынік адколу Украінскай праваслаўнай царквы ад Рускай.

Зрэшты, баяцца ўжо позна. Навіну пра жудасную сітуацыю на Кіеўскай ГЭС са спасылкай на Васіля Крэда расійскае выданне Лента.ру апублікавала яшчэ ў 2006 годзе. Праўда, рэдакцыя «Вячэрняга Магілёва» пра гэта тактоўна ўмоўчала: ні спасылак, ні аўтарства пад іх тэкстам няма.

У адказ на засцярогі Крэды «Укргідраэнэрга» заявіў, што «страшылкі» пра прарыў дамбы на Кіеўскай ГЭС не адпавядаюць рэчаіснасці, і з’яўляюцца некалькі разоў у год.