Дэпутаты парламента адмовіліся выказваць сваю пазіцыю наконт пагрозы аб’яднання Беларусі і Расіі

Магілёўцу Валадару Цурпанаву паведамілі, што нішто «не абавязвае дэпутата выказваць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні».

10 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Раней магілёўскі праваабаронца і актывіст Валадар Цурпанаў накіраваў зварот кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў. У сваіх лістах ён запатрабаваў ад парламентарыяў публічна заявіць пра сваю пазіцыю адносна пагрозы інкарпарацыі нашай краіны ў склад Расеі.

Акрамя гэтага, Цурпанаў таксама запатрабаваў абвясціць, якія дзеянні, накіраваныя на перавод структур арміі, КДБ і МУС у рэжым падвышанай боегатоўнасці, здзейсніў кожны дэпутат.

Яшчэ праваабаронца высунуў патрабаванне «тэрмінова падрыхтаваць прапановы і вылучыць заканадаўчую ініцыятыву для перагляду ваеннай дактрыны Беларусі, каб абвясціць Расію першым і галоўным ворагам».

Усе гэтыя патрабаванні Цурпанаў распісаў для кожнага са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Адказаў яму ад імя ўсіх дэпутатаў старшыня Пастаяннай камісіі ПП НС РБ па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык.

У сваім лісце ён паведаміў Цурпанаву, што згодна з заканадаўствам дэпутат Палаты прадстаўнікоў карыстаецца недатыкальнасцю пры выразе свайго меркавання і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў:

– У сувязі з гэтым ніхто не мае права абавязаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў выказваць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні, – заявіў Цупрык.

Таксама парламентарый напісаў праваабаронцу, што ягоныя дадзеныя  не адпавядаюць патрабаванням аб’ектыўнасці і дакладнасці.

Што тычыцца заканадаўчай ініцыятывы, то тут Цупрык прапанаваў Цурпанаву сабраць 50 тысяч подпісаў для разгляду патрабаванняў праваабаронцы ў парламенце.