«Лісты шчасця» атрымліваюць нават тыя, хто працуе афіцыйна.
3 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Новы этап барацьбы беларускіх уладаў супраць “не занятых у эканоміцы грамадзян” наступіў у снежні. Як распавяла ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр працы Ірына Касцевіч, чыноўнікі стварылі «базу дармаедаў» з паўмільёна чалавека. Праўда міністр адзначыла, што інфармацыя ў гэтай базе можа быць няправільная:
– Больш дэталёвую інфармацыю ў разрэзе абласцей і рэгіёнаў мы атрымаем пазней, – прызнала Ірына Касцевіч.
З боку выглядае, што дэталёвую інфармацыю збіраюць метадам навуковага тыка – адзін з магілёўцаў апублікаваў у сацсетцы прыклад ліста, якія рассылаюць меркаваным «дармаедам».
У ім гаворыцца, што Магілёўскі гарвыканкам спрабуе даведацца аб грамадзянах, не занятых у эканоміцы і папярэдне фарміруе з іх асаблівы спіс. Тыя, хто ў яго трапіў, павінны будуць аплачваць гарачае водазабеспячэнне па стоадсоткавым тарыфе (згодна інфармацыі ўрада, цяпер беларусы аплочваюць толькі 20% ад кошту ацяплення і гарачай вады).
Мяркуючы па ўсім, зараз у папярэдні спіс “не занятых у эканоміцы” трапляе хто заўгодна. Магілёвец, які размясціў фота ў сацсетцы, адзначыў у подпісы, што афіцыйна ён працаўладкаваны ў Расійскай Федэрацыі.
Па логіцы гарвыканкама, калі чалавек працуе, то ён павінен сам праінфармаваць аб гэтым чыноўнікаў:
“Каб пазбегнуць памылковага ўключэння Вас у вышэйзгаданы спіс, просім паведаміць звесткі аб Вашай занятасці ў камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва”,– гаворыцца ў лісце.
Пры гэтым магілёвец павінен будзе прадставіць дакумент – завераную копію працоўнай кніжкі, кантракту, працоўнага дагавора або даведкі з месца вучобы.
Зрэшты, “лісты шчасця” можна не чакаць, а самому пераканацца, ці ўключылі вас у спіс “не занятых у эканоміцы”. Для гэтага з 1 снежня можна скарыстацца “базай дармаедаў” анлайн на Адзіным партале электронных паслуг.
Але ёсць адзін нюанс – трэба атрымліваць лагін і пароль у службе “Адно акно” па месцы жыхарства.