Аляксей Колчын пераканаў чыноўніцу, што джынсы і тэніска – гэта нармальная адзенне, але застацца ў зале пасяджэнняў яму не далі.

10 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / photo – mogilev-region.gov.by


У Магілёў 10 верасня прыехала кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Разам з прадстаўнікамі мясцовай улады і кіраўніцтвам акруговых (АВК) і абласной выбарчай камісій яна правяла семінар-нараду па арганізацыі выбарчага працэсу ў беларускі парламент.

На нараду прыбыў зарэгістраваны назіральнік за выбарамі па трох магілёўскіх акругах Аляксей Колчын. Ён хацеў даведацца, якія рэкамендацыі будуць дадзены членам АВК.

– З самага пачатку не хацелі нічога казаць пра гэты семінар-нараду. У выбаркаме па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 мне наогул сказалі, што нічога пра яго не ведаюць і нічога не будзе. У выніку даведаўся пра месца і час правядзення ў абласной выбарчай камісіі, – распавёў Колчын.

Сакратар абласной камісіі па выбарах Людміла Макаранка адправіла яго ў залу пасяджэнняў аблвыканкама.

– На ўваходзе ў залу пасяджэнняў загадчыца аднаго з аддзелаў аблвыканкама Святлана Зубовіч праводзіла рэгістрацыю прысутных. Пачала мне даказваць, што права на ўваход у мяне няма. Потым раскрытыкавала знешні выгляд – маўляў, у што я апрануты, бо ў іх такое мерапрыемства, сам губернатар сядзіць. Я, калі што, быў у джынсах і тэнісцы. Прыйшлося ёй растлумачыць, што гэта нармальны стыль адзення. Пасля спрэчкі мяне прапусцілі, – распавёў назіральнік.

Але на гэтым галоснасць выбарчага працэсу скончылася – за пяць хвілін да пачатку да Колчына падышоў супрацоўнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Дзмітрый Цімафеенка і папрасіў Аляксея пакінуць залу.

– Ён сказаў, што раз гэта не пасяджэнне АВК, то і прысутнасць назіральнікаў не прадугледжана. Але калі вы праводзіце выбары галосна, то, як мне здаецца, не пратэставалі б супраць назіральнікаў. Тым больш, што на дадзены момант іх у Магілёве няшмат. Можа, ёсць што хаваць, – выказаў меркаванне Колчын.