У адной камісіі назіральніка пасадзілі глядзець за праверкай подпісаў, у другой – катэгарычна забаранілі нават прысутнічаць.


15 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Парламенцкія выбары – 2019 ўступаюць у самую гарачую фазу – зараз ідзе рэгістрацыя кандыдатаў, пасля чаго пачнецца этап агітацыі.

Большая частка магілёўскіх вылучэнцаў рэгіструецца ад партый і працоўных калектываў, астатнія збіралі подпісы. Каб атрымаць кандыдацкія скарынкі, прэтэндэнту неабходна сабраць тысячу подпісаў выбаршчыкаў са сваёй акругі, пасля чаго аддаць іх на праверку.

8 кастрычніка акруговыя камісіі па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 і Магілёўскай-Прамысловай акрузе №87 прынялі рашэнне аб праверцы подпісаў некалькіх вылучэнцаў.

Назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Барыс Бухель папрасіў адпаведных старшыняў выбаркамаў Аляксандра Кажамякіна і Таццяну Капёнкіну, каб яго дапусцілі да назірання за працэсам праверкі подпісаў. У абодвух выпадках яму адмовілі – і гэта дзіўна.

Іншыя назіральнікі – Аляксей Колчын (па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №85) і Саша Буракоў (па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88) распавялі, што ў іх камісіях праблем не ўзнікла:

– Мне дазволілі сачыць за праверкай у любы момант. Больш за тое, мне яшчэ дазволілі прыняць удзел у падліку подпісаў вылучэнца. Ніякіх перашкод не было. Вельмі дзіўна, што ў пяці камісій, якія размяшчаюцца ў адным горадзе, могуць быць настолькі супрацьлеглыя падыходы, – распавёў пра свой досвед Буракоў.

Бухель паскардзіўся на забарону ў абласную выбарчую камісію, але там яго ідэі не падзялілі:

– Назіранне за праверкай сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў не ўваходзіць у пералік правоў назіральніка, – заявіў Бухелю старшыня абласной камісіі па выбарах Валерый Берастаў.

Праваабаронца лічыць падобны падыход дзіўным і сумняваецца, што ў абласным выбаркаме наогул ёсць сэнс:

– Ты – кіраўнік абласной камісіі. Акруговыя камісіі наўпрост падпарадкоўваюцца абласной. Дык чаму ў цябе твае падкантрольныя выбаркамы ў адной і той жа сітуацыі паводзяць сябе па-рознаму? Сэнс тады ад цябе, як ад кіраўніка? Думаю, міжнародныя назіральнікі ацэняць такую ​​працу магілёўскіх выбарчых камісій, – выказаўся Барыс Бухель.