Андрэй Бодзілеў раздаваў шары і ўлёткі з просьбай паведамляць аб дзівацтвах ў СЭЗ.

1 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскія ўлады адмовіліся ад масавых мерапрыемстваў у Дзень працы і на іх месца прыйшлі іншыя. Актывіст кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, які тыдзень таму прайшоў з адзінкавым пікетам па цэнтральнай вуліцы горада, правёў інфармацыйную акцыю на плошчы Зорак.

Разам з зялёнымі балонікамі ён прыцягваў мінакоў да размовы аб праблемах экалогіі ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў”. Па словах Бодзілева, мэтай яго мерапрыемства было выслухаць меркаванне магілёўцаў па экалагічнай абстаноўцы ў горадзе і праінфармаваць іх пра існуючыя пытанні.

Як заявіў актывіст, некаторыя прадпрыемствы ў СЭЗ «Магілёў» выкідваюць шкодныя рэчывы і грамадству важна ведаць і кантраляваць гэты момант.

– Мы пасылалі лісты ў шэсць розных дзяржаўных інстанцый горада, вобласці і краіны з просьбай падаць дакументацыю па канцэнтрацыі шкодных рэчываў і іх рассейванні ў бліжэйшых ад СЭЗ раёнах і аграгарадках, але не атрымалі ніводнага ўцямнага адказу. Усё гэта змушае нас думаць, што там ёсць праблемы з захаваннем экалагічных нормаў, – сказаў Бодилев.

Людзі на інфармацыйную акцыю маладога чалавека рэагавалі па-рознаму. Большасць падзялялі яго асцярогі наконт сітуацыі з экалогіяй ў Магілёве, але былі і тыя, хто лічыць тэму завадскіх выкідаў спробай піяру і ніякай праблемы ў іх не бачыць.