Актывісты падалі заяву на экалагічны пікет у цэнтры Магілёва

Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў і сябра АГП Таццяна Сівачэнка хочуць расказаць магілёўцам пра экалагічную пагрозу ад СЭЗ «Магілёў».

5 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – verstov.info


Актывісты накіравалі заяву на імя старшыні гарвыканкама Уладзіміра Цумарава 5 красавіка. Па словах Бодзілева, пікет павінен адбыцца на пешаходнай вул. Ленінскай напачатку другой паловы гэтага месяца.

– Мы хочам пашырыць інфармацыю пра экалагічную небяспеку, пагрозу здароўю грамадзянаў, якую нясуць жыхарам Магілёва прадпрыемствы ў свабоднай эканамічнай зоне Магілёў. Колькасць чалавек, якія будуць браць удзел, максімум 10 чалавек, – расказаў актывіст.

Пры гэтым адзінай пляцоўкай горада, дзе палітычным партыям, грамадскім арганізацыям і грамадзянам можна праводзіць масавыя імпрэзы, па-ранейшаму застаецца стадыён па вул. Чалюскінцаў. Аднак у хуткім часе Магілёўскі гарвыканкам павінен дадаць прынамсі яшчэ адно месца для мірных сходаў.

У апошнія некалькі месяцаў экалагічная тэма выклікае рэзананс сярод магілёўцаў. Шмат хто скардзіцца на драўняны пах у цэнтры горада. Людзі падазраюць, што крыніцамі саладкаватага водару з’яўляюцца дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ў СЭЗ «Магілёў».

Таксама ў лістападзе 2018 года на прадпрыемстве «Омск Карбон Магілёў» адбыўся выкід рэчыва, падобнага на сажу. Эколагі правялі аналізы паветра і выявілі перавышэнне лімітава дапушчальнай канцэнтрацыі цвёрдых часцінак у 40 разоў.