Аплоціць яе сама газета.

23 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / На фота – падчас працэсу 23 верасня


Суддзя Аляксандр Бушкевіч 23 верасня прызначыў судова-лінгвістычную экспертызу матэрыялаў газеты «Вячэрні Магілёў».

На папярэднім пасяджэнні пра гэта хадайнічаў прадстаўнік газеты Станіслаў Леўчанка, які заявіў, што першая экспертыза ўтрымлівае мноства памылак.

У прыхільнікаў «Вячэрняга Магілёва» было некалькі дзён, каб прадставіць суддзі спіс пытанняў да экспертызы. У выніку, у хадайніцтва трапіла каля дзясятка пытанняў.

Напрыклад, “з якой верагоднасцю ўгледжваецца падахвочванне да гвалту ў інфармацыйнай фразе “ўдзельнікі групы аддаюць перавагу пераследваць гамасэксуалістаў, справядліва мяркуючы, што ад галубізны да педафіліі адзін крок“, “з якой верагоднасцю ўгледжваецца падахвочванне да гвалту ў апісальнай сцэнцы «бародку сталічнаму перцу крыху павыдзёргвалі і напрыканцы далі моцнага выспятка ў зад, каб каціўся ён назад у свой гей-клуб за 270 км» і іншыя.

Суддзя Бушкевіч задаволіў хадайніцтва, але прыняў рашэнне вынесці на судова-лінгвістычную экспертызу толькі два пытанні:

«Ці маюцца ў матэрыялах газеты выказванні пра непаўнавартаснасць чалавека па прыкмеце гомасэксуальнай арыентацыі».

«Ці маюцца ў матэрыялах газеты выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да чалавека або групы асоб, якія адносяцца да ЛГБТ».

Суддзя ўсклаў аплату за экспертызу цалкам на «Вячэрні Магілёў». Раней прадстаўнік выдання прасіў гэтага не рабіць, спасылаючыся на «бядотнае фінансавае становішча газеты».

Праводзіць экспертызу будзе Упраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

Увесну гэтага года экспертная камісія пры Міністэрстве інфармацыі знайшла прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» і «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў».

На аснове рашэння камісіі Ленінскі РАУС пачаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да газеты па артыкуле 17.11 КаАП. Першае пасяджэнне суда па справе адбылося 8 ліпеня.