Суд Чавускага раёна даў былому намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміру Дудараву сем з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся ў махлярстве і перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. А яшчэ быў сябрам перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі.

Суд Чавускага раёна 20 верасня вынес рашэнне ў дачыненні да Уладзіміра Дударава. На гэта раённаму суду спатрэбілася амаль паўгады – за гэты час былі апытаныя дзесяткі сведак, вывучаны сотні старонак крымінальнай справы, а сам Дудараў размяняў год з таго моманту, як яго затрымалi ў чэрвені 2020 года.

Крымінальную справу ў дачыненні да экс-чыноўніка разглядала старшыня Чавускага раённага суда Алена Каралько. Дзяржабвінаваўцам выступіў супрацоўнік Чавускай пракуратуры Сяргей Снытчанка. Абвінавацілі экс-сябра перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі у тым, што ён махляваў і перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы (ч.3 арт.426 і ч.4 арт.209 КК).

Сам працэс стартаваў аж у красавіку, але шырокая публіка пра яго ведала мала – у чэрвені суд Чавускага раёна зрабіў паседжанні фактычна закрытымі, спасылаючыся на эпідэміялагічную абстаноўку.

У ЧЫМ АБВІНАВАЦІЛІ ДУДАРАВА?

Згодна з матэрыяламі справы, Уладзімір Дудараў, з’яўляючыся службовай асобай Магілёўскага гарвыканкама, у 2006 годзе быў абраны старшынёй жыллёва-будаўнічага кааператыва “Цэнтр Дом”. У 2008 годзе ён, нібыта, незаконна завалодаў тэхнічным паверхам над кватэрай, у якой пражываў, коштам больш за 413 млн недамінаваных беларускіх рублёў. Пасля гэтага без пагаднення членаў ЖСК унёс змены ў праектна-каштарысную дакументацыю дома.

У 2015 годзе, калі верыць пазіцыі абвінавачвання, Уладзімір Дудараў знайшоў для свайго бацькі аднапавярховы драўляны дом па вул. Вербавай і дапамог аформіць куплю-продаж. Аб’ект у адпаведнасці з генеральным планам абласнога цэнтра знаходзіцца ў ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне, дзе забаронена пашырэнне і будаўніцтва новай сядзібнай забудовы. Абвінавачаны пра гэта ведаў, аднак ад імя свайго бацькі звярнуўся да ІП Мацуковай Л.Я. для падрыхтоўкі праекта-каштарыснай дакументацыі, каб пачаць будаўнічыя работы на месцы набытага дома. Прадпрымальнік вырабіла праекты. Пазней, у 2017 годзе, Уладзімір Дудараў звярнуўся да начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама і пераканаў яго ўзгадніць праект. Пасля гэтага ён узгадніў са службовымі асобамі ТАА “ГрадБудАльянс” працы на пазначаным участку. Гэта кваліфікавалі як самавольнае будаўніцтва.

З 21 верасня 2018 года па 7 жніўня 2019-га Уладзімір Дудараў быў на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама. У красавіку 2019 гады ён даў указанне начальніку ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці свайго бацьку за самавольнае будаўніцтва па скарзе аднаго з жыхароў Магілёва і не зносіць збудаваныя пабудовы. З мэтай легалізацыі самавольнага будаўніцтва абвінавачваны арганізаваў складанне дэфектнага акта ТАА “ГрадБудАльянс” аб разбурэнні падмурка названага дома.

ШТО НЕ ТАК З ГЭТАЙ СПРАВАЙ?

Цікава, што адлік злачынствам Дударава суд пачаў аж з 2008 года – больш за 13 гадоў таму. За гэты час мужчына паспеў пабываць на розных пасадах, аж да намесніка старшыні гарвыканкама. Улічваючы, што ўсе чыноўнікі такога рангу праходзяць праверку спецслужбаў, застаецца здзіўляцца, якім чынам КДК, КДБ ці нават МУС прымудрыліся «праспаць» цэлых тры крымінальныя эпізоду. Пры гэтым ўсплылі яны чамусьці ў той жа самы момант, калі Уладзімір Дудараў стаў сябрам выбарчага штаба бізнэсмэна і палітыка Віктара Бабарыкі.

У той жа дзень, калі затрымалі самога Дударава, быў затрыманы таксама кіраўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Белгазпрамбанка Сяргей Кармызаў. 26 лютага 2021 года Кастрычніцкі суд Магілёва прысудзіў яго да трох гадоў калоніі строгага рэжыму за перавышэнне службовых паўнамоцтваў з нанясеннем буйнога ўрону. Пры гэтым суд праходзіў, шмат у чым, па-цыркавому – у залу на пасяджэння Кармызова наганялі студэнтаў Інстытута МУС, а журналістаў на працэс без усялякай прычыны не пускаў начальнік ААПП Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка.

Пасля затрымання Кармызава і Дударава, уласна, быў затрыманы і сам Віктар Бабарыка.

Цікава, што Сяргей Кармызаў у судзе сваю віну прызнаў – і атрымаў тры гады зняволення. Дудараў ж сваёй віны не прызнаваў – і атрымаў сем з паловай гадоў.

Як ён заяўляў да таго, як суд, фактычна, закрылі, шматлікія праверкі, праведзеныя, у тым ліку праваахоўнымі органамі, па фактах, агучаных пракурорам, раней не выявілі з яго боку парушэнняў закона.

На жаль, пачуць яго пазіцыю не атрымалася – як раз таму, што ў залу пасяджэнняў чавускага суда лішніх вушэй не пускалі. Аднак у цэлым гэта адпавядае логіцы – дзіўна, што сілавікі зацікавіліся чалавекам толькі пасля таго, як ён пайшоў у палітыку.