Прадстаўнікі “уразлівых груп” па-ранейшаму застаюцца самай неабароненай часткай грамадствы, пра правы якіх успамінаюць у апошнюю чаргу.

20 сакавіка. Саша Мінько. Орша-Магілёў. Фота аўтара.

Пры выкарыстанні гэтага артыкула іншымі Інтэрнэт-рэсурсамі гіперспасылка на арыгінал у першым абзацы абавязковая!


У дадзеным матэрыяле гаворка пойдзе пра нарказалежных – людзях, фактычна, “скончаных” з пункту гледжання ўлады і значнай часткі беларускага грамадства. Напрыклад, на сайце УУС сталічнага аблвыканкама можна прачытаць, што кахаць наркамана – значыць самой (самому) прыйдзецца стаць наркаманам. Ці што ўсе наркаманы – псіхапаты.

Тыдзень таму mspring.online ужо пісаў пра праблемы з фінансаваннем праграм па прафілактыцы ВІЧ Глабальным фондам для змагання з СНІДам, сухотамі і малярыяй.

Затрымка паўстала з-за цяганіны ў кабінетах беларускіх службоўцаў самага высокага рангу. Грошы ў памеры 15 мільёнаў даляраў ЗША, разлічаныя на тры гады праектнай падтрымкі няўрадавых арганізацый, што наўпрост працуюць з наркаманамі і ВІЧ-інфектаванымі, проста не прайшлі патрэбную рэгістрацыю, як таго патрабуе закон, які рэгулюе правілы атрыманне міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Вечарам аўторка, 19 сакавіка стала вядома, што Саўмін нарэшце зрабіў ласку зарэгістраваць грант Глабальнага фонду, але гэта не значыць, што ўсе праблемы зніклі ў адно імгненне – пакуль грошы дойдуць да адрасата, пройдзе яшчэ колькі тыдняў. Мы вырашылі паслаць карэспандэнта ў кропку кантакту з наркаспажыўцамі, каб сваімі вачыма ўбачыць, з якімі праблемамі сутыкаюцца пункты прафілактыкі і дапамогі нарказалежным.

РАЗДАВАЦЬ НЯМА ЧАГО

Усяго ў Беларусі налічваецца 31 пункт прафілактыкі і зніжэння шкоды ад наркаспажывання і ВІЧ. Усе яны маюць востры дэфіцыт раздаткавых матэрыялаў: шпрыцаў, іголак, прэзерватываў. Больш за тое, супрацоўнікі, якія падвяргаюць сваё здароўе несумнеўнай рызыцы, працуюць пакуль за задарма. Ужо трэці месяц на выплату заробкаў ім грошай няма. Эканоміць даводзіцца нават на бензіне – за яго таксама плаціў Глабальны фонд.

Мы вырашылі адправіцца ў Оршу, самы блізкі (79 км) і лёгкадаступны горад: 6 раз на дзень туды адпраўляецца прыгарадны дызель і 9 цягнікоў далёкага прытрымлівання. Там “Пазітыўны рух” – найстарэйшая беларуская арганізацыя, што працуе з наркаманамі, – мае свае стацыянарныя і мабільныя кропкі.

Адзначым, што Магілёў па колькасці нарказалежных і ВІЧ-інфектаваных можна назваць горадам шчаслівым. Чаго не скажаш пра нашых суседзяў. У Беларусі на ўліку стаяць звыш 16 тысяч нарказалежных, яшчэ некалькі тысяч адбываюць кару ў месцах пазбаўлення волі.

Аднак гэта афіцыйныя дадзеныя. Неафіцыйна адмыслоўцы гэту лічбу смела памнажаюць на дзесяць. Найбольшая колькасць залежных зарэгістраваная ў Мінску і Гомельскай вобласці (лідар і па колькасці ВІЧ-інфектаваных), а найменьшая – у Магілёўскай. Але сярод гарадоў, дзе назіраецца самая напружаная сітуацыя фігуруюць Жлобін, Орша, Віцебск, Светлагорск, Гомель – нашы найблізкія суседзі.

ЧАМУ ВОРША?

Мабільным пунктам прафілактыкі і зніжэння шкоды аказваецца звычайны мінівэн, прыпаркаваны ў непрыкметным месцы на ўскраіне гаражнага кааператыва. У 100-тысячнай Воршы ён аб’язджае рэгулярна, хоць раз на тыдзень, 16 кропак. Час прыезду ратавальнай машыны мясцовыя наркаманы выдатна ведаюць. У дзень за дапамогай мабільнага пункта – гэта змена скарыстаных шпрыцаў на новыя – звяртаецца ад трох до 20 чалавек. І ім раней выдавалася порцыя шпрыцаў на тыдзень, гэта прыкладна 5-7 штук. Такім чынам, колькасць раздадзеных расходнікаў, як можна палічыць, дахадзіла до 140 штук у дзень.

Праблемы Віцебска і Оршы тлумачацца проста: яны стаяць на мяжы з Расіяй, да Смаленска ўсяго 120 кіламетраў. Адтуль і вязуць наркотыкі разам з прадуктамі і адзеннем з рынкаў.

Мясцовыя жыхары ездзяць у Расію і на заробкі. Вяртаючыся дахаты, яны прывозяць з сабой яшчэ і што-кольвек забароненае – пазабаўляцца. Самыя спажываныя рэчывы тут – гераін і метадон, але апошні хіт – гэта “солі” і псіхатропы для ўнутрывеннага ўжывання. Калі раней сінтэтычныя наркотыкі проста глыталі, то зараз і іх можна калоць. Па прызнанні нарказалежных, “прыход” тады настае імгненна.

Зараз сітуацыя гнятлівая. З-за неатрыманых у час грошай Глабальнага фонду раздаваць проста няма чаго. Раней для ін’екцый на адзін шпрыц выдаваліся яшчэ дзве дэзінфікуючыя спіртавыя сурвэткі, што выключалі заражэнне крыві, прыкладам, часцінкамі тлушчу на скуры ці брудам. Яны скончыліся першымі. Таксама зусім няма прэзерватываў. Са шпрыцаў засталіся толькі двух выглядаў – на 10 і 20 мілілітраў, самыя непатрэбныя. Прыкладам, велізарныя “дваццаткі” запатрабаваны толькі летам, калі з’яўляецца на наркарынку мак. Не карыстаюцца попытам і “дзясяткі”, бо ў ін’екцыйных наркаманаў з часам ссыхаюцца вены і трапіць у іх гэтымі шпрыцамі нерэальна.

ІЗНОЎ ШПРЫЦ ПУСКАЮЦЬ ПА КОЛЕ

Патрэбныя шпрыцы на 1 і 2 мілілітры, якімі можна ўводзіць наркотык у капіляры і нетрадыцыйныя месцы. Медыкі іх яшчэ завуць “інсулінкамі”. І вось як раз іх запасы вычарпаліся яшчэ тры месяцы назад. Гэта прывяло да таго, што рэальна некаторыя наркаманы захоўваюць свае скарыстаныя шпрыцы і карыстаюцца імі паўторна. Гэта просты шлях да заражэння: калі наркотык прымаецца супольна, залежныя людзі не ў стане зразумець дзе чый шпрыц і могуць пускаць яго па коле нават не разумеючы гэтага.

Але найгоршым эфектам ад дэфіцыту шпрыцаў супрацоўнікі перасоўнага пункта лічаць адток кліентаў. Разумеючы, што памяняць шпрыц няма на што, наркаманы перастаюць прыходзіць на вядомыя ім кропкі, і зноў прызвычаіць іх да цывілізаванага абмену шпрыцаў будзе цяжка. Гэта шмат у чым нівелюе раней распачатыя высілкі па прафілактыцы ВІЧ/СНІД.

І гэта толькі частка праблемы. У пуктах зніжэння шкоды можна зрабіць экспрэс-тэст на ВІЧ, патрэбныя медыкаменты яшчэ засталіся. Але ўсё больш нарказалежных зараз хацелі б праверыцца на гепатыт. Большасць з іх даўно інфектаваныя гепатытам С, пра гэта ўсе ведаюць, але на гэту праблему грошай няма. Глабальны фонд не фінансуе такія праграмы, а дзяржаве б даць рады існым планам.