За «ультраправы» тэлеграм-канал і рыцарскі клуб. Супраць іх распачалі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА.
Міністэрства ўнутраных спраў на працягу трох месяцаў двойчы ўнесла імёны 20-гадовага Усевалада Мачэкіна і 18-гадовага Уладзіслава Бутвянкава ў так званы «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У кастрычніку 2025 года ведамства прызнала сувязь Мачэкіна і Бутвенкава з тэлеграм-каналам Sandär, у якім сілавікі, імаверна, знайшлі прыкметы рэабілітацыі нацызму. На дадзены момант тэлеграм-канал недаступны. У архівах журналісты MSPRING знайшлі стужку публікацый — яна складаецца з мемаў сумнеўнага характару.
У снежні 2025 года МУС яшчэ раз узгадала прозвішчы Мачэкіна і Бутвенкава ў «пераліку» як асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фарміравання» ў выглядзе рыцарскага клуба «Барысфен». Акрамя іх, у спісе таксама значыцца рэканструктар Павел Станкевіч.
Нагадаем, затрыманні ў «Барысфене» пачаліся ў лістападзе 2025 года. Паводле інфармацыі MSPRING, менавіта тады былі затрыманыя Мачэкін, Бутвенкоў і Станкевіч. Апошні быў падвергнуты некалькім адміністрацыйным арыштам, пасля чаго супраць яго завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА.
Вядома, што Мачэкін і Бутвенкоў у дадзены момант таксама знаходзяцца ў следчым ізалятары Магілёва. Ім прад’яўленыя абвінавачанні ў межах Крымінальнага кодэкса, аднак падрабязнасці справы адсутнічаюць.
На момант затрымання абодвум хлопцам было 19 і 18 гадоў адпаведна. 10 студзеня Усеваладу Мачэкіну споўнілася 20 гадоў.