Лукашэнка з-за кароў і “могілак” звольніў кіраўніка Магілёўскай вобласці Даманеўскага

Прэзідэнт яшчэ і запатрабаваў узбудзіць крымінальныя справы на службоўцаў.

26 сакавіка. Магілёў-Шклоў. Ігар Лозовский


Прэс-служба прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што кіраўнік дзяржавы палічыў правальнай працу Уладзіміра Даманеўскага на пасту старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Усё адбылося у Шклоўскім раёне. Лукашэнка з візітам наведаўся ў аграхолдынг “Купалаўскае“, каб праверыць яго працу.

Выслухаўшы даклады, Аляксандр Рыгоравіч вырашыў асабіста паглядзець, як утрымліваецца буйная рагатая жывёла. У выніку ўбачыў грубае парушэнне тэхналагічных працэсаў і вельмі незадавальняючыя ўмовы ўтрымання жывёл:

– Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцым, а вы яго ставіце кіраўніком холдынга (ТАА “Купалаўскае”. – заўв.), я вас зусім не разумею, – цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Пасля гэтага ён наведаўся яшчэ на некалькі тэхнічных баз, якія адносяцца да аграхолдынга. Пабачанае яго не пацешыла:

Навокал могілкі, што на вуліцы, што пад дахам, – абурыўся Лукашэнка.

Ён на месцы вырашыў звольніць старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

Былога свайго памагатага па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўрынкова Лукашэнка зрабіў выканваючым абавязкі старшыні Шклоўскага райвыканкама. А былога старшыню райвыканкама Віцюнова перакінуў на кіраўніцтва ў аграхолдынг “Купалаўскае”.

У дачыненні да ўсіх вінаватых чыноўнікаў, якія дапусцілі разруху, Лукашэнка запатрабаваў узбудзіць крымінальныя справы.

Судзячы па-ўсяму, экс-кіраўнік вобласці Уладзімір Даманеўскі таксама ў спісе патэнцыйных “крымінальнікаў”. Выконваць яго абавязкі будзе пакуль першы намстаршыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Кароцін.