7 лістапада вельмі важнае свята для нашай дзяржавы і прэзідэнта. Але толькі на адзін дзень.

8 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Галоўнае фота – 7 лістапада 2018.


7 лістапада ў Магілёве каля помніка Леніну ў цэнтры горада прайшоў мітынг у 300-400 чалавек у гонар дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя вызначыла ход гісторыі, ускалыхнула мільёны людзей на барацьбу супраць прыгнёту і няроўнасці. Яна паўплывала на лёс нашай краіны. Гэта сімвал пераўтварэння Беларусі, сімвал абаронцаў айчыны, – заяўляў на мітынгу 7 лістапада першы сакратар Магілёўскага абкама КПБ Алег Стальмашок, які займае таксама пасаду начальніка упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама. Акрамя яго, на мерапрыемстве выступілі яшчэ некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў горада. У канцы ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміра Леніна, каб выказаць сваю пашану дзяржаўнаму перавароту 1917 года.

Важнасць Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаў нават прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які верыць у тое, што «7 лістапада – свята міру і сапраўдных правоў чалавека».

Аднак у Магілёве свята атрымалася крыху крывадушным – ужо з раніцы 8 лістапада, менш, чым праз суткі, усе кветкі, ускладзеныя да помніка Леніну, прыбралі. Кветкі, калі што, набытыя за свае грошы людзьмі, якія прыйшлі на мітынг.