Мясцовыя сябры БАЖ – супраць улады, якая па сваім меркаванні распраўляецца з незалежнымі выданнямі.

8 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскае рэгіянальнае аддзяленне «Беларускай асацыяцыі журналістаў» рыхтуе заяву з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі ў адносінах да недзяржаўных СМІ.

Па словах абласнога кіраўніка БАЖ Барыса Вырвіча, «гэта выказванне свайго стаўлення да апошніх гвалтоўных дзеянняў уладаў у адносінах да незалежнай прэсы».

7 і 8 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэта зладзілі ператрусы і затрыманьні ў некалькіх буйных беларускіх СМІ. Пацярпелі журналісты TUT. BY, агенцтва БелаПАН, сайта Realt. BY і іншых выданняў. Некаторыя з іх да гэтага часу знаходзяцца пад вартай.

Падставай для правядзення следчых мерапрыемстваў паслужыла заява былой кіраўніцы магілёўскай ТРК, а цяпер дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч. На яе думку, журналісты іншых выданняў незаконна карысталіся інфармацыяй агенцтва, выкарыстоўваючы для ўзлому паролі, якія ім не належаць.

У першую чаргу гэта тычыцца TUT. BY – галоўны рэдактар парталу Марына Золатава да гэтага часу знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску.

Магілёўскія журналісты расцанілі тое, што адбываецца, як наступ на свабоду слова па ўсёй краіне:

«Мы рашуча пратэстуем супраць затрыманняў і ператрусаў, што прайшлі ў рэдакцыях розных СМІ. Мы разумеем, што прычынай гэткіх нападаў на незалежныя медыі, насамрэч, ёсць непераадольнае жаданне беларускіх уладаў на чале з прэзідэнтам Лукашэнкай знішчыць свабоду слова у нашай краіне. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых журналістаў і спынення іх пераследу», – адзначаецца ў заяве.

БАЖаўцы абураныя, што расправа над СМІ ініцыяваная Ірынай Акуловіч:

«Нам, магілёўскім журналістам, вельмі прыкра, што гэтая асоба калісьці лічылася нашай калегай, працавала на магілёўскай зямлі, а сёння стала свядомай выканаўцай агіднай палітычнай замовы правячай клікі, якая імкнецца знішчыць нешматлікія незалежныя медыя, накрыць краіну затхлым смуродам афіцыёзу», – сказана ў заяве.

Сайт пра правы чалавека MSPRING.ONLINE ўсёй журналісцкай рэдакцыяй выказвае салідарнасць з гэтай заявай.