У выніку знакаміты беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч дапамог Міхасю Кукабаке знайсці жыллё ў Маскве.

21 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Напачатку – цытата з ліста самога Міхася Ігнатавіча Кукабакі, ураджэнца Бабруйска, апошняга савецкага палітычнага вязня магілёўскаму часопісу аб правах чалавека MSPRING.ONLINE:

“У 16,5 гадоў мяне прымусова вывезлі ў Сібір на адну з будоўляў. Вярнуўшыся з-за кратаў у снежні 1988 года, я не раз прыязджаў у Беларусь. Удзельнічаў у розных палітычных акцыях і рабіў спробы там застацца. Сустракаўся з самымі рознымі людзьмі, у тым ліку з пісьменьнікам Васілём Быкавым. У прыватным парадку, нічога ні ў каго не прасіў, але не хаваў, што жыву на становішчы бамжа. Афіцыйна звяртаўся ў Вярхоўны Савет, да спадара Шушкевіча.

Аднойчы, узяў неабходныя дакументы і, заручыўшыся падтрымкай дэпутаткі Магілёўскага аблсавету Наталлі Рославай і мясцовага дэпутата Анатоля Фёдарава, мы прыйшлі да мэра Магілёва спадара Габрусева. Я папрасіў яго даць мне пакой у любой камуналцы, памерам хоць бы з турэмную камеру (8 кв. метраў), каб я мог паставіць раскладушку і чамадан, і свабодна шукаць сабе працу. Мне было адмоўлена“, – распавёў Міхась Кукабака.

Фота з асабістага архіва Міхася Кукабака, прыкладна 1990-ы год, у былога палітвязняў яшчэ няма свайго жылля

Міхась Кукабака быў апошнім палітычным вязнем, які выйшаў з савецкага лагера «Перм-36». Гэта адбылося 2 снежня 1988 года.

Паколькі ён не лічыў сябе вінаватым, то прынцыпова не пісаў заявы аб памілаванні на імя тагачаснага кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова. Улада не ведала як яго выпусціць. У выніку Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў адмысловы ўказ.

Міхась Кукабака беларус. Родам з Бабруйска. Калі ён выйшаў з лагера, у яго не было іншага выйсця, як прыехаць на радзіму. Перабудова была ў разгары. На выбарах усё часцей перамагалі людзі, якіх называлі “дэмакратамі”.

Праз 25 гадоў пасля вызвалення Міхась Кукабака наведаў свой былы лагер «Перм-36», у якім ужо быў музей. Фота з асабістага архіва.

Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў да канца высветліць, якім чынам адзін з нямногіх беларускіх дысідэнтаў стаў масквічом. Па нашай просьбе Міхась Кукабака адказаў на пытанні ў лісце.

ДАПАМАГАЛА СВЯТЛАНА АЛЕКСІЕВІЧ

Міхась Кукабака: – Шмат пазней, у мяне з’явілася падазрэнне, што некаторым людзям не хацелася, каб у Беларусі з’явіўся актывіст незалежны, які не лічыцца ні з якімі «аўтарытэтамі». У сваіх нячастых публічных выступах я менавіта так сябе і вёў. Выказваў тое, што думаў. Заклікаў і камуністаў, і нацыяналістаў аб’яднаецца дзеля ідэі пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы.

У прыватным парадку мне аднойчы аказалі матэрыяльную дапамогу пісьменнікі Святлана Алексіевіч і Уладзімір Дамашэвіч (калі памяць не змяняе). У перыяд заключэння і пазней мяне актыўна падтрымлівалі беларусы ў ЗША, Англіі і нават Аўстраліі. Ну, і само сабой, актывісты ў Маскве, Даніі, Аўстрыі. Але толькі не ў Беларусі. Уладкавацца ў Маскве мне дапамог нябожчык Генрых Алтунян, які заахвоціў прыняць саўдзел у гэтым беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча (на той момант – абодва дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, – заўв. рэд.).

УКЛАД АЛЕСЯ АДАМОВІЧА

Міхась Кукабака: – Пытанне было складанае. Я – ледзь ці не адзіны з дысідэнтаў, хто змог ўладкавацца ў Маскве, «выхапіўшы» жыллё ад дзяржавы. Сам Алесь Адамовіч спачатку нават не ведаў, што існуе ў прыродзе нейкі чалавек па прозвішчы Кукабака. Ужо пазней, пасля вырашэння праблемы, я пазнаёміўся з ім на з’ездзе БНФ у Мінску і падзякаваў за падтрымку.

А ўсё пачыналася, калі ў Маскву ў 1989 годзе прыехаў на пахаванне акадэміка Сахарава будучы дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Генрых Алтунян. Былы палітвязень, які сябраваў з Віктарам Некіпелавым і шмат ад яго чуў пра мяне. Вось тады я з Алтунянам пазнаёміўся асабіста і падзяліўся сваёй праблемай. Да пытання, акрамя Алеся Адамовіча, былі падлучаныя паэт і пісьменнік Юры Айхенвальд, праваабаронца Сяргей Кавалёў. А мэрам Масквы тады быў абраны ліберал, прафесар Гаўрыіл Папоў. Ён даў даручэнне Юрыю Лужкову вырашыць маю праблему. Потым ужо я сам праявіў жыццёвую хітрасць, каб ад мяне не абышліся пакоем у камуналцы ў 16 кв. метраў, а атрымаў паўнавартасную «аднапакаёўку» у доме за Кальцавой аўтадарогай.

Міхась Кукабака абсалютна перакананы, што, пры жаданні, беларускія дэпутаты маглі б дапамагчы яму ўладкавацца нават у Беларусі. Але такога жадання ні ў каго не было, акрамя Наталлі Рославай.

– А прычына нежадання тая ж, што і цяпер. Ні разу ўсе гэтыя мінскія «дэмакраты» не маглі дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Дарэчы, тая ж карціна і ў Расіі. У кожнага амбіцыі вышэй даху. А развагі іх пра «патрыятызм», пра «суверэнітэт» Беларусі толькі для чырвонага слоўца, – упэўнены Кукабака.

Міхась Кукабака быў рэабілітаваны 23 студзеня 1991 Вярхоўным Судом СССР.