За падтрымку Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве асудзілі жанчыну з інваліднасцю. У яе двое непаўналетніх дзяцей

Мінімальным пакаранне не назавеш.

5 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / photo – svaboda.org


У Магілёве – яшчэ адна рэпрэсіраваная па «Кейсу Ціханоўскага». 5 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна суддзя Наталля Крашкіна прыйшла да высновы, што магіляўчанка Вольга Лобан вінаватая ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах.

Паводле рапарту міліцыі, Лобан «з 17:30 да 19:30 прыняла ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» на Віцебскім праспекце 5 траўня.

Нагадаем, у гэты дзень у Магілёў прыбыла каманда Youtube-канала «Краіна для жыцця» блогера Сяргея Ціханоўскага. На Віцебскім праспекце міліцыя паспрабавала затрымаць некаторых удзельнікаў каманды, а таксама шукала самога Ціханоўскага.

Магілёўцы змаглі адбіць у супрацоўнікаў МУС членаў «Краіны для жыцця», аднак адразу пасля гэтага міліцыя «адпомсціла» – завяла два дзесяткі спраў аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да розных людзей. Сярод іх апынулася і Вольга Лобан.

Жанчына выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей. Акрамя таго, у яе ёсць праблемы са здароўем – лекары прысвоілі ёй трэцюю групу інваліднасці па зроку.

На судзе 5 чэрвеня Лобан пацвердзіла, што знаходзілася на Віцебскім праспекце ў пазначаны дзень, аднак сваю віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу яна не прызнала.

Адзінае, што міліцыя змагла прывесці ў якасці доказу яе віны падчас адміністрацыйнага працэсу – гэта кадр з відэастрыма.

У судзе супраць Вольгі Лобан сведчыў супрацоўнік УУС Уладзімір Пугачоў, які раней ужо адзначаўся палітычным пераследам магілёўскіх актывістаў. Таксама выступіў супрацоўнік ДАІ Артур Цярэшчанка. Абодва заявілі, што жанчына «прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Суддзя Наталля Крашкіна ўстала на бок міліцыі і ў якасці пакарання прызначыла Вользе Лобан штраф у 20 базавых велічыняў (540 рублёў). Адзначым, што пры жаданні суддзя магла вынесці усяго адміністрацыйнае папярэджанне ці ўвогуле спыніць справу.