У Краснаполлі брат застрэліў брата. Яму можа пагражаць смяротнае пакаранне

Бытавая разборка скончылася смерцю – і, магчыма, не апошняй.

2 снежня. Магілёў-Краснаполле. Алесь Святліцкі


Раённы аддзел Следчага камітэта ў Краснаполлі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 37-гадовага мясцовага жыхара, якога падазраюць у забойстве старэйшага брата (розніца ва ўзросце паміж імі – адзін год).

Паводле дадзеных следства, двое мужчын пасварыліся ў ноч з 29 на 30 лістапада, пасля чаго малодшы дастаў незарэгістраванае ружжо і стрэліў сваяку ў грудзі. Той памёр.

СК на дадзеным этапе апытвае сведак і праводзіць экспертызу зброі і боепрыпасаў. Падазраваны заключаны пад варту. Раней ён ужо адбываў тэрмін у калоніі за забойства і разбой, вызваліўся ў 2017 годзе.

Улічваючы, што мужчына ўжо не ў першы раз пазбавіў жыцця іншага чалавека, яму ставяць у віну п.2 ч.2 арт. 139 КК РБ (забойства, здзейсненае асобай, якая раней учынiла забойства).

Па гэтым артыкуле падазраванаму можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў турмы, альбо пажыццёвае зняволенне, альбо смяротнае пакаранне.

Апошні жыхар Магілёўскай вобласці, якога прысудзілі да смяротнага пакарання – Аляксандр Асіповіч з Бабруйска. У студзені 2019 года яму прызначылі растрэл за забойства двух жанчын ва ўласнай кватэры.