Магілёўскі абласны суд 24 жніўня разгледзеў апеляцыю на прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да доктара сацыялагічных навук, загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін БДУТ Юрыя Бубнава.
Нагадаем, суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 26 траўня прысудзіў вядомага магілёўскага навукоўца, прафесара Юрыя Бубнава да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аксана Зарычнюк прызнала яго вінаватым у паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (арт. 367 КК РБ).
Нагодай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Маладзёжная галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў аб тым, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў перамен, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.
У прыватнасці, у артыкуле сказана, што
«беларусаў, якія пратэстуюць, у 2020 годзе аб’яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».
Варта пры гэтым адзначыць, што ў электронным варыянце артыкул нідзе недаступны, нават у PDF-фармаце. Верагодна, вучонага сілавікам проста нехта “здаў”.
24 жніўня суддзя Магілёўскага абласнога суда пастанавіў пакінуць ранейшы прысуд без змен – 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Юрый Бубнаў узначальваў кафедру гуманітарных дысцыплін з 1997 года. На момант затрымання яго партрэт знаходзіўся на дошцы гонару ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій (былы МДУП). Мужчына ўзнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі”.
У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю “Дранік-фэст”.