Валанцёрская праваабарончая каманда MAYDAY правяла 13 сакавіка ў Магілёве гульню «Выжыць у Беларусі: Дзень Канстытуцыі».

16 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 15 сакавіка, валанцёрская група «Магілёўскай вясны» MAYDAY арганізавала ў цэнтры “Кола” спецгульню на аснове ўласнай распрацоўкі – гульні «Выжыць у Беларусі».

Мы кожны год спрабуем неяк адзначыць Дзень Канстытуцыі. У мінулым, напрыклад, раздавалі спецыяльныя ўлёткі з артыкуламі, у якіх прапісаны правы грамадзяніна. У гэтым вырашылі зрабіць што-небудзь больш глыбокае. У выніку вырашылі перапрацаваць нашу гульню такім чынам, каб яна стала больш практычнай, – распавёў адзін з арганізатараў гульні Дзмітрый Толсцік.

Каманда MAYDAY паспрабавала прайграць найбольш частыя сітуацыі, якія ўплываюць на жыццё любога беларуса: размеркаванне ў райцэнтр, трапленне ў бальніцу, алкагалізм, шкодныя выкіды прадпрыемстваў, праблемы з міліцыяй і іншае. Практычна кожная сітуацыя суправаджалася тлумачэннем ў выглядзе артыкула Канстытуцыі.

– У Канстытуцыі, пры ўсіх пытаннях да яе пасля рэферэндумаў 1996-га і 2004-га гадоў, да гэтага часу можна знайсці абарону для мноства сітуацый, звязаных з правамі грамадзяніна. Мы пастараліся прагаварыць артыкулы Канстытуцыі ў прывязцы да канкрэтных праблемаў, каб гэта лепш адкладвалася ў галаве. Наша мэта – паказаць, што ў нашай краіне неабавязкова пакутаваць. Можна проста нармальна жыць, калі ведаць свае правы, – адзначыў Тоўсцік.

У выніку да апошняй гульнявой клеткі так ніхто і не дабраўся. Лепшы вынік паказала ўдзельніца Азалія – яна змагла «дажыць у Беларусі» да «63 гадоў».

Раней гульню «Выжыць у Беларусі» прэзентавалі ў Магілёве і ў Мінску. Выданне да Дня Канстытуцыі стала першым, якое каманда MAYDAY грунтоўна перапрацавала. У далейшым праваабаронцы плануюць яшчэ некалькі спецвыпускаў гульні.