Фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» каштаваў ёй 270 рублёў.
15 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі | photo – АБ, svaboda.org
Суд Слаўгарадскага раёна аштрафаваў Анжаліку Калатазішвілі на 10 базавых велічынь за рэпост ў «Аднакласніках» фільма блогера NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Суддзя Аляксандр Курылін палічыў, што сваёй публікацыяй у сацыяльнай сетцы жанчына “распаўсюдзіла экстрэмісцкі матэрыял”, які ўключаны ў спіс Рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11 КаАП).
15 ліпеня адбылося ўжо трэцяе паседжанне па справе, на якое Калатазішвілі не з’явілася з асабістых прычынаў. Раней яна заяўляла аб сваёй невінаватасці. Па яе словах, калі яна паставіла рэакцыю на фільм у “Аднакласніках”, той яшчэ не быў уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акрамя таго, яна аспрэчвае сам факт размяшчэння фільма – на яе старонцы была толькі карцінка з яго.
Адразу пасля таго, як міліцыя заявілася да яе дадому для апытання 12 чэрвеня, Калатазішвілі выдаліла пост са сваёй стужкі. Зрэшты, не дапамагло.
Падставай для штрафу стаў рапарт супрацоўніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыя Раўнейка, а таксама сведчанні супрацоўнікаў Слаўгарадскага РАУС Юрыя Дзянісава і Дзмітрыя Манько. Апошнія, фактычна, і вялі адміністрацыйны працэс у дачыненні да жанчыны.
Калатазішвілі мае намер абскардзіць штраф у судзе Магілёўскай вобласці.
У Анжалікі Калатазішвілі вялікія праблемы са здароўем. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Сутыкнуўшыся з бязмежжам, Калатазішвілі стала паслядоўна крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады. Яна публікавала ў сваіх сацсетках інфармацыю аб праблемах у ЖКГ, міліцэйскіх памылках, паведамленні аб успышках COVID-19 у райцэнтры.
Міліцэйскі пераслед яна расцэньвае як спробу ціску за сваю грамадзянскую пазіцыю.